З блізкаўсходняга кірунку і пачнем. Борт беларускага лідара прызямліўся ў Катары напярэдадні, а сёння ў Досе прайшлі асноўныя перамовы. Прэзідэнт наведаў Катар ужо трэці раз - бакі нядрэнна ведаюць адзін аднаго і гатовыя да рэалізацыі новых сумесных праектаў. Якіх - даведаемся у нашага палітычнага аглядальніка Вольгі Макей. Рэпартаж з Дохі.
Днём на вуліцах Дохі наўрад ці сустрэнеш праходжых. На тэрмометры 30, і такое надвор'е мясцовыя жыхары завуць прахалодным. Улетку тут плюс 50. Гарачы клімат дыктуе і моду. Тыповы ўбор катарца - доўгая белая кашуля, а ад пякучага сонца ратуе гутра - галаўны ўбор. Тым не менш, зусім ужо строгіх правілаў у вопратцы тут няма. Усё таму, што катарцаў у Катары ўсяго 15 працэнтаў - або, прыкладна, 300 тысяч з двух мільёнаў, астатнія - замежнікі. Мясцовых бізнесменаў на перамовах нярэдка можна ўбачыць у звычных нам касцюмах, а дзяўчаты ў гандлёвых цэнтрах купляюць і еўрапейскія ўборы. Але элементы нацыянальнай вопраткі тут нават на дарожных знаках.
Гэта сёння Катар - дзяржава з адной з самых хуткарослых эканомік. Літаральна паўстагоддзя таму асноўнымі рэсурсамі краіны Персідскага заліва была здабыча жэмчугу. Да гэтай каштоўнасці тут дагэтуль стаўленне адмысловае. Але раскрыць для свету гэтую жамчужыну Персідскага заліва, як завуць Катар, дазволілі вуглевадароды. Персідскі заліў тут завуць няйначай як "карміцелькай". Радовішча "Паўночнае" сёння класіфікуюць як супергіганцкае. Менавіта яно вывела Катар на трэцяе месца ў свеце па запасах газу. Апярэджваюць толькі Расія і Іран. Нетры, багатыя яшчэ і нафтай, сёння фарміруюць больш за палову ВУП краіны. Акрамя таго, Катар - радзіма медыягіганта "Аль-Джазіра". Сёння гэта адзін з самых паспяховых СМІ на планеце, і пацверджанне таго - як маленькая краіна з сур'ёзнымі рэсурсамі можа аказваць уплыў ва ўсім свеце.
Вось так Доха выглядала ў пачатку 80-х, а гэта тое ж месца праз усяго 35 гадоў. Сёння Катар называюць найбагацейшай дзяржавай у свеце. Па ВУП на душу насельніцтва гэтую краіну шматлікія пакуль не могуць абагнаць.
Самі аль-Мір, уладальнік кампаній у сферах будаўнічага і медыябізнесу, Катар: "Мы бачым у беларусах братоў. У нас ёсць добрыя адносіны з Беларуссю, і мы на вас глядзім не толькі з пункта гледжання атрымання нейкай выгады. Беларусь - адна з краін, якую мы гатовыя падтрымаць у любы час. Я спадзяюся, што адносіны Катара і Беларусі будуць і далей развівацца, а аб'ёмы інвестыцый узрастаць. Бо людзі ў вас вельмі добрыя".
Сяргей Румас, старшыня праўлення ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь": "Гэта вельмі буйны інвестфонд, які кіруе актывамі 250 млрд. долараў. Спадзяемся стаць партнёрам".
Цікавы Катару і беларускі досвед развіцця IT. Доктар Халід Мухамед аль-Алі ўзначальвае інтэрнацыянальную кампанію ў сферы тэхналогій. Яго супрацоўнікі - наватары ў галіне аналізу дадзеных. Штабкватэра - у амерыканскай сіліконавай даліне. Найбліжэйшая мэта - адкрыццё прадстаўніцтва менавіта ў Беларусі.
доктар Халід Мухамад аль-Алі, старшыня савета дырэктараў кампаніі SENSETA: "Мы зацікаўленыя ў працы з Беларуссю ў сферы тэхналогій у цэлым. Мы ўжо маем досвед рэалізацыі падобных праектаў, напрыклад, у Паўднёвай Амерыцы. Наша прадстаўніцтва ў Беларусі будзе мець шырэйшае напаўненне і задачы, чым проста праца ў сферы тэхналогій. Яно будзе своеасаблівым акном для развіцця супрацоўніцтва з Беларуссю, прасоўвання гандлёвых адносін паміж дзвюма краінамі. Я ведаю, што ў вашай краіне вельмі празрыстая палітыка ў сферы падаткаабкладання. Гэта важна і прывабна для замежнага бізнесу. І, акрамя таго, у вас фантастычная сістэма адукацыі".
У моладзь Катар укладвае вялізныя рэсурсы. Тут пабудавалі цэлы адукацыйны горад, дзе адкрытыя філіялы амерыканскіх, брытанскіх, французскіх універсітэтаў. Краіна Персідскага заліва не шкадуе сродкаў і на развіццё спорту. Нягледзячы на гарачы клімат, тут гуляюць нават у хакей.
Вядома, што сакаліным паляваннем захапляецца і эмір Катара. Але сапраўднае захапленне тут, бадай, футбол. Катару атрымалася займець адну з лепшых рэкламных пляцовак у спорце - футболку "Барселоны". А ў 2022 годзе краіна Персідскага заліва рыхтуецца прыняць чэмпіянат свету, зараз тут актыўна будуюць стадыёны і інфраструктуру. Таму беларускі досвед і тэхналогіі тут вельмі запатрабаваныя.
А гэта адзін з рэальных вынікаў візіту. Беларуская свідравая кампанія пачынае працаваць у Катары. Ужо са студзеня рэчыцкія спецыялісты будуць удзельнічаць у будаўніцтве стадыёна да чэмпіянату свету па футболе. Для гэтага на ўзбярэжжа Персідскага заліва перавязуць тэхніку.
25 гадоў таму гэта прадпрыемства займалася толькі водазаборнымі свідравінамі, зараз іх канёк - палі глыбінёй 35 метраў. Дзякуючы ўнікальнай тэхналогіі свідравання гэтае прадпрыемства можа зрабіць каля 20 паляў за суткі, у той час як канкурэнты - усяго дзве. Горнаабагачальны камбінат у Туркменістане, рэканструкцыя нафтаперапрацоўчага завода ў Цюмені, будоўлі ў Якуцку і на Сахаліне. Зараз курс - на краіны Персідскага заліва.
Спадзяюцца жыхары Катара і на пастаўкі беларускіх прадуктаў. Пакуль на мясцовых прылаўках іх няшмат. Уласных вытворчасцяў у Катары практычна няма. Віной усяму гарачы клімат і адсутнасць прэснай вады. А сельская гаспадарка ў ВУП - усяго 2 дзясятыя працэнта. Амаль усе прадукты харчавання Катар купляе за мяжой. Таму ў Беларусі тут бачаць перспектыўнага партнёра і ў прамысловай сферы, і ў сельскай гаспадарцы.
Пакуль нафтагазавая галіна прыносіць плён, Катар інвестуе сам у сябе, разумеючы, што цалкам залежаць ад сыравіннага рынку і ў сучасных умовах, і ў будучыні - нельга. Таму пошук кантактаў і для развіцця сумеснага бізнесу, і тых, хто гатовы дзяліцца досведам - у прыярытэце. Беларусь тут лічаць надзейным партнёрам, а, галоўнае, адкрытым, і, нягледзячы на адлегласць, блізкім. Бо ў Дохі і Мінска нават час супадае, як супадаюць і агульныя інтарэсы.