Беларусь і Таджыкістан супрацоўнічаюць у многіх сферах

9 июня 2019

Пагаворым пра цёплыя адносіны Беларусі з сярэднеазіяцкім партнёрам - Таджыкістанам. Перспектывы гандлю і не толькі гучалі ў Палацы Незалежнасці ў пачатку тыдня. Краіны зараз рэалізуюць праекты паводле дарожнай карты. Дакумент разлічаны да 2020 года. 

Як выконваюцца дамоўленасці, Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з паслом гэтай сярэднеазіяцкай рэспублікі ў Беларусі. 

У прыярытэце супрацоўніцтва - вытворчая кааперацыя і сельская гаспадарка. У Таджыкістане зараз працуюць прадстаўніцтвы больш як паўтара дзясятка беларускіх брэндаў, у асноўным машынабудаўнічай галіны: на рынку прадстаўленыя МТЗ, МАЗ, "Амкадор", БелАЗ, Гомсельмаш. Увосень гэтага года плануюць запусціць сумеснае прадпрыемства па перапрацоўцы малака. 

Аснова вялікай перспектывы супрацоўніцтва паміж дзяржавамі - адкрыты і сумленны дыялог паміж іх лідарамі. Летась Аляксандр Лукашэнка ў Душанбэ бываў двойчы. На мінулым тыдні прэзідэнты сустракаліся і на саміце ЕАЭС у Нур-Султане. Неўзабаве з візітам у адказ у Мінску чакаюць Эмамалі Рахмона. Чакаецца, лідар Таджыкістана прыляціць у Беларусь на некалькі дзён напярэдадні закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў. 

Дарэчы, у будучыні можна будзе пакаштаваць плады садоў дружбы! Гэта ініцыятыва двух прэзідэнтаў. Першыя саджанцы вінаграда, яблыні, чарэшні і абрыкоса ўжо ўкараніліся на Брэстчыне і Гомельшчыне. На Магілёўшчыне неўзабаве з'явіцца сад грэцкага арэха. А ў Таджыкістане вырасце беларуская чарэшня.