Беларусь і Кітай ужо рэалізуюць дзясяткі сумесных праектаў

10 мая 2015

Паміж Мінскам і Пекінам - больш за шэсць тысяч кіламетраў. З 1 мая дзве краіны злучае прамы паветраны маршрут - лётаць без перасадак зараз можна чатыры разы на тыдзень. Мы ж перанясемся ў Кітай нашмат хутчэй. Наш карэспандэнт Вольга Макей правяла ў Паднябеснай тыдзень і аб'ехала адразу некалькі гарадоў. Чаму ў КНР завуць Беларусь адной з найважнейшых краін у Еўропе? І як лічбы ўзаемнага гандлю атрымалася павялічыць у 100 разоў? У што гатовая інвесціраваць адна з наймацнейшых эканомік свету? Пра "Новы Шаўковы шлях" і не толькі - наш наступны матэрыял.

Сёння Кітай - наймагутнейшая эканоміка свету з самымі вялікімі на планеце золатавалютнымі рэзервамі: амаль чатыры трыльёны долараў. Гэта больш, чым ва ўсіх краінах еўразоны разам узятых. Кітай яшчэ і найбуйнейшы інвестар. Магчымасць укладваць грошы ў праекты ў розных краінах ёсць, надзейным партнёрам лічаць тут і Беларусь.

Беларусь і Кітай ужо рэалізуюць дзясяткі сумесных праектаў. Але, як часта гавораць палітыкі, патэнцыял не вычарпаны. У Пекіне разлічваюць: паскорыць узаемадзеянне і павялічыць лічбу ўзаемнага тавараабароту дазволіць сустрэча лідараў дзвюх дзяржаў.

Чэн Гапін, намеснік міністра замежных спраў Кітая: "Для нас Беларусь - адна з найважнейшых краін у Еўропе. Яна валодае зручным геаграфічным размяшчэннем. З улікам вялікай узаемадапаўняльнасці эканомік Беларусі і Кітая патэнцыял нашага супрацоўніцтва далёка не вычарпаны. У апошнія гады мы з'яўляемся сведкамі паспяховай рэалізацыі сумесных праектаў, якія даюць добры эканамічны эфект. Візіт Сі Цзіньпіна падніме на новую вышыню наша ўзаемадзеянне ў галіне энергетыкі, высокіх тэхналогій і электронікі. Добры прыклад - кітайска-беларускі індустрыяльны парк, можна сказаць, ён носіць узорны характар".

"Вялікі камень" стане найбуйнейшым індустрыяльным паркам для Кітая за мяжой. На пляцоўцы ў Беларусі будуць засярожданыя самыя высокатэхналагічныя вытворчасці: мікраэлектроніка, тонкая хімія, біятэхналогіі. Сярод патэнцыяльных рэзідэнтаў парка ўжо значацца паўтара дзясятка найбуйнейшых карпарацый. У іх ліку ZТЕ і "Хуавей". Акрамя таго, "Вялікі камень" у будучыні паслужыць апорнай пляцоўкай "Новага Шаўковага шляху".

Індустрыяльны парк - найбуйнейшы сумесны праект Мінска і Пекіна, але на гэтым супрацоўніцтва не сканчаецца. Актыўна ідзе ўзаемадзеянне з рэгіёнамі. Сюйчжоу знаходзіцца ў адной з самых эканамічна моцных правінцый Кітая. Насельніцтва невялікага, на мясцовыя меркі, горада, як у Беларусі, - амаль дзесяць мільёнаў чалавек. Аснова эканомікі - прамысловасць. Развіваюць тут хімічныя, вуглездабыўныя і машынабудаўнічыя вытворчасці.

Гэтая карпарацыя ў горадзе Сюйчжоу займае пятае месца ў свеце па вырабе дарожна-будаўнічай тэхнікі. А ў продажах экскаватараў на першым радку: за мінулы год - 6 000 машын. Прадукцыя экспартуецца ў 169 краін свету, у тым ліку і ў Беларусь. Вырабляюць тут і кар'ерныя самазвалы, фактычна прамыя канкурэнты БелАЗу. Тым не менш з беларускімі прадпрыемствамі актыўна супрацоўнічаюць.

Лю Цзянсэн, намеснік дырэктара карпарацыі XCMG: "Ваш БелАЗ - вядомы брэнд ва ўсім свеце. Нашы машыны падобныя, але ў іх ёсць свае асаблівасці. З Беларуссю мы вядзем актыўнае супрацоўніцтва. У найбліжэйшы час хочам паглядзець, як працуе "Амкадор". Магчыма, зробім на тэрыторыі Беларусі зборачнае прадпрыемства. Ужо створаная рабочая група па перспектывах стварэння ў нас сумеснага прадпрыемства з вашым Гомсельмашам".

На поўначы Кітая ўжо не першы год збіраюць беларускія трактары і камбайны. Нягледзячы на тое што тут хапае і сваіх вытворцаў, беларуская тэхніка карыстаецца попытам. У планах - стварэнне яшчэ двух сумесных вытворчасцяў у правінцыях. Аграрны комплекс Кітая - гэта ў асноўным фермерскія гаспадаркі. Вось так выглядае адна з іх. У цяпліцах ужо паспеў ураджай памідораў, у палях спеюць збожжавыя. Фермеры дзеляцца, што для такіх невялікіх плошчаў не хапае трактароў малой магутнасці.

Дарэчы, ужо ў першым квартале гэтага года Мінску і Пекіну атрымалася пераадолець негатыўную тэндэнцыю ў тавараабароце. Гэта значыць адмоўнае сальда для беларускага боку, калі мы куплялі больш, чым самі прадавалі.

Чжан Дун, намеснік начальніка аддзела дэпартамента краін Еўразіі Міністэрства камерцыі Кітая: "У першым квартале гэтага года Кітай імпартаваў з Беларусі тавараў прыкладна на дзвесце мільёнаў долараў. Экспартавалі мы сто восемдзесят мільёнаў. Так што станоўчае сальда зараз на вашым баку. У будучыні мы маем намер стварыць яшчэ два сумесныя прадпрыемствы ў кітайскіх правінцыях, каб імпартаваць з Беларусі камплектуючыя для сельскагаспадарчай тэхнікі. Гэта будуць два новыя зборачныя заводы".

Эканамічны эфект ад супрацоўніцтва расце фактычна ў геаметрычнай прагрэсіі. За 23 гады дыпадносін тавараабарот паміж Беларуссю і Кітаем вырас у сто разоў. Ужо другі год запар перавышае рэкордныя чатыры мільярды. Высокую планку бакі маюць намер трымаць і ў будучыні.