Беларусь і Грузія - насустрач адна адной

26 апреля 2015

Адносіны беларусаў і грузін можна параўнаць з гэтай скульптурай на беразе Чорнага мора ў Батумі. Яна сімвалізуе любоў і разуменне паміж людзьмі розных нацыянальнасцяў. Як і гэтыя фігуры, насустрач адна адной рухаюцца Беларусь і Грузія. Вось яно - сяброўства народаў ля марскіх варот на шляху з Азіі ў Еўропу.

У беларусаў Батумі ўпадабаны курорт яшчэ з савецкіх часоў. Ды і да гасцей з Сінявокай тут стаўленне асаблівае. У магазіне або на вуліцы грузіны абавязкова спытаюць "адкуль?", пачуўшы ў адказ "з Мінска!", абавязкова папросяць перадаць прывітанне. Джэмал Шарадзэ падыходзіць да здымачнай групы на набярэжнай, напярэдадні па тэлевізары бачыў, як у яго родны горад прыляцеў беларускі Прэзідэнт.

Ля трапа Аляксандра Лукашэнку сустракае кіраўнік Аджарыі. У аўтаномнай рэспубліцы госць упершыню, таму Арчыл Хабадзэ перад пачаткам перамоў расказвае беларускаму лідару аб горадзе. Ужо пазней палітыкі скажуць: у адносінах Мінска і Батумі няма праблем. Бакі адкрытыя да супрацоўніцтва па ўсіх кірунках.

Сталіца Аджарыі - Батумі - гэта марскія вароты на шляху з Азіі ў Еўропу. З гэтага порта на экспарт адпраўляецца каспійская нафта. Выгаднае геаграфічнае становішча дае аўтаномнай рэспубліцы асаблівыя перавагі перад іншымі рэгіёнамі і прыцягвае замежных фундатараў. А 90% замежных бізнесменаў укладваюць грошы ў будаўніцтва і турызм. Арганізацыя адпачынку, вядома, асноўны артыкул прыбытку. Але развітая тут і прамысловасць: машынабудаванне, вытворчасць цытрусавых сокаў. Мясцовыя тэкстыльныя прадпрыемствы нават шыюць форму для футбольных клубаў Англійскай прэм'ер-лігі.

У сваім працоўным кабінеце кіраўнік Аджарыі распавядае аб перспектывах супрацоўніцтва Мінска і Батумі. Каб не адкладаць надоўга, вырашана ўжо ў маі правесці бізнес-форум у беларускай сталіцы.

Два гады таму ў Аджарыі вырашылі аднаўляць сельскую гаспадарку. Зараз гэтая галіна ў прыярытэце. Недалёка ад Батумі нават стварылі спецыяльны цэнтр, дзе вырошчваюць вінаград, грушы, яблыні, каб потым раздаць насельніцтву. Як атрымаць ураджай клубніц, як угнаіць глебу і нават карыстацца трактарам - усё раскажуць тут. Тэхніку, дарэчы, выкарыстоўваюць беларускую.

Міністр сельскай гаспадаркі расказвае: беларускі вопыт сапраўды неабходны. Пакуль агракомплекс прыносіць 10% да ВУП, а можна і больш. Бо на тэрыторыі Аджарыі ўсе ўмовы - ад субтропікаў да альпійскага клімату. Увосень з Мінска прывязуць 17 гатункаў раслін, ужо падрыхтавалі эксперыментальнае поле.

Батумі і Мінск зараз пабрацімы. Гэта значыць, што не толькі сяброўскія, але і эканамічныя сувязі будуць мацнейшыя. Мінск робіць стаўку на развіццё беларуска-грузінскай кааперацыі. Для гэтага ёсць усе ўмовы, акрамя адной - у Грузіі пакуль няма дыппрадстаўніцтва. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў: пасольства з'явіцца на працягу года.

Георгій Маргвелашвілі, Прэзідэнт Грузіі: "Упэўнены, ваш візіт пойдзе на карысць двухбаковым адносінам. У асобе Прэзідэнта Лукашэнкі Грузія бачыць сапраўднага сябра. Сябра, які паважае нашу краіну і яе дзяржаўнасць. Прэзідэнт Беларусі на постсавецкай прасторы з'яўляецца важнай фігурай. Сяброўства і партнёрства з гэтым чалавекам будзе вялікім крокам наперад для Грузіі і рэгіёна ў цэлым".

Вядома, у Аджарыі разлічваюць і на прыток гасцей з Беларусі. Адпачынак у чарнаморскім горадзе на любы густ - у тым ліку гастранамічны. Толькі тут можна паспрабаваць сапраўдны аджарскі хачапуры. Цеста і сыр запякаюць у спецыяльнай печы, фінальны акорд - яечны жаўток. У дзень кухары гэтага рэстарана гатуюць каля 600 лодак - менавіта так завуць сытную страву.

Уменні аджарскіх кулінараў прадэманстравалі Аляксандру Лукашэнку. Напрыклад, рэцэпт кукурузных куханоў мчадзі - без гэтай стравы не абыходзяцца мясцовыя застоллі. А гэтую карысную саладосць спрабавалі шматлікія, але мала хто ведае, што чурчхелу ў Грузіі нават запатэнтавалі. Прэзідэнтам паказалі і тэхналогію падрыхтоўкі сапраўднай 70-градуснай сялянскай чачы. Але няма нічога мацнейшага за простае сяброўства, гавораць грузіны.

Аб сяброўстве на мове дыпламатыі сведчаць і гэтыя кадры. Прэзідэнт Грузіі праводзіць Аляксандра Лукашэнку ў аэрапорце. Палітыкі ў добрым настроі і моцна ціснуць адзін аднаму рукі - значыць, ніякіх супярэчнасцяў няма.