"Беларусь 1" паказаў у прамым эфіры дэбаты кандыдатаў у Прэзідэнты

4 октября 2015

Да гэтага дня, мабыць, кожны з кандыдатаў у Прэзідэнты рыхтаваўся доўга. Тэледэбаты - магчымасць задаць апанентам любыя, нават самыя нязручныя пытанні, і атрымаць адказы не столькі для сябе, колькі для мільёнаў выбаршчыкаў. Першым у Белтэлерадыёкампанію прыехаў Мікалай Улаховіч - доўгі і эфектны праход па паркоўцы да будынка і ледзь прыкметнае хваляванне. Сяргея Гайдукевіча на тэледэбатах прадстаўляў яго сын Алег, давераная асоба кандыдата. Яшчэ на парозе ўсім сваім выглядам дэманстраваў упэўненасць і рашучасць. Апошняй, як і належыць даме, да будынка Белтэлерадыёкампаніі на пазадарожніку пад'ехала Таццяна Караткевіч.

Удзельнікі накіроўваюцца ў студыю. Тут праходзіць першая жараб'ёўка: вызначаюць месца за трыбунай.

Другая жараб'ёўка - у гасцявым пакоі. Вызначаюць парадак выступленняў.

Згодна з вынікамі жараб'ёўкі, першай у дэбаты ўступіць Таццяна Караткевіч, другім слова возьме Мікалай Улаховіч, трэцім выступіць давераная асоба кандыдата Сяргея Гайдукевіча, яго сын Алег. У кожнага з кандыдатаў будзе роўна 18 хвілін на выступленні.

Гэтыя хвіліны - час для ўступу, дзе кожны можа нагадаць гледачам асноўныя тэзісы сваёй праграмы, і час непасрэдна для дыялогу. Зрэшты, распараджацца сваімі хвілінамі кожны кандыдат можа як пажадае. У студыі аб'яўляюць хвілінную гатоўнасць.

Першай выступае Таццяна Караткевіч. Выступленне пачынае на беларускай, але вельмі хутка пераходзіць на рускую. Яна ж задае апанентам і першае пытанне. Гайдукевічу - рэзка намякае на кумаўство і канстатуе адсутнасць кандыдата на дэбатах (паводле заявы апанента, Сяргей Гайдукевич праводзіць пікет у Гомелі), Улаховічу - успамінае "нейкае інтэрв'ю", у якім ён нібыта аддаў палякам Багдановіча.

Але асноўным блокам тэледэбатаў стала эканамічная сфера. Пытанне пра канкрэтныя рэформы ў эканоміцы прагучала ад Мікалая Улаховіча апанентам. Крыху пазней мадэратар тэледэбатаў удакладніў, дзе кожны з кандыдатаў плануе ўзяць грошы на гэтыя рэформы.

Таццяна Караткевіч, кандыдат у Прэзідэнты Беларусі:

"Мы гаворым пра тое, што першае, што трэба зрабіць у эканоміцы - гэта зняць ланцугі з прыватнага сектара і даць развівацца тым галінам эканомікі, якія сёння паказваюць пункты росту - гэта хімічная прамысловасць, лагістычны бізнес, медыцынскі турызм, сфера IT, вядома. Мы гаворым пра тое, што перш чым шукаць інвестыцыі, і замежныя ў тым ліку, трэба стабілізаваць заканадаўства, вярнуцца да інвестыцыйнага кодэкса. Гэта дазволіць нам прыцягнуць як унутраныя, так і знешнія інвестыцыі".

Давераная асоба Сяргея Гайдукевіча - Алег Гайдукевіч - адзначыў, што ў сваёй праграме кандыдат таксама прапануе падтрымаць малы і сярэдні бізнес і прыцягваць новыя інвестыцыі.

Алег Гайдукевіч, давераная асоба кандыдата ў Прэзідэнты Беларусі Сяргея Гайдукевіча:

"Рэформы, у першую чаргу, гэта падтрымка сярэдняга і малога бізнесу, бізнес - гэта матор эканомікі. Ужо зараз мы прапануем усе пустыя адміністрацыйныя безгаспадарныя памяшканні аддаць бізнесу без арэнды на тры гады. Хай развіваюцца. Неадкладна спрасціць падатковае заканадаўства. Спрасціць праверкі, мы пра гэта гаворым. Прэзідэнт пра гэта шмат гаварыў, але на практыцы, на жаль, мала робіцца. Трэба каб бізнес спакойна развіваўся. Другі момант - прыватызацыя ўжо патрэбна, яна наспела, і не трэба яе баяцца, ніхто гэтыя прадпрыемствы не забярэ з тэрыторыі нашай краіны, яны тут застануцца. Патрэбны інвестары, для таго каб інвестары прыйшлі, трэба стварыць ім больш ільготныя ўмовы для працы".

Сам Мікалай Улаховіч адзначыў, што эканамічны складальнік яго праграмы заснаваны на цеснай кааперацыі з асноўным гандлёвым партнёрам нашай краіны - Расійскай Федэрацыяй. Зрэшты, кандыдат у Прэзідэнты выступае і за актыўныя гандлёвыя сувязі з краінамі Еўрасаюза.

Мікалай Улаховіч, кандыдат у Прэзідэнты Беларусі:

"Я за рыначны падыход, я, па вялікім рахунку, за капіталізм, нармальны здаровы капіталізм. Не буду прыводзіць вам схемы і прыклады гэтага жыцця, я за тое, каб мы развівалі адносіны не толькі з Расіяй, але з усімі краінамі свету, у тым ліку і з Еўрасаюзам. Гэтыя адносіны павінны быць эканамічнымі, культурнымі і ні ў якім разе не павінна быць ваеннага супрацьстаяння. Я рады, што мая Беларусь сёння жыве ў міры і спакоі".

Алег Гайдукевіч таксама задаў апанентам некалькі даволі жорсткіх пытанняў, праўда, канкрэтыкі ў адказ так і не дачакаўся.

Абмеркавалі і пытанні інтэграцыі, акрамя таго, кожны меў магчымасць яшчэ раз звярнуцца да выбаршчыкаў. Ужо пасля заканчэння дыялогу кандыдаты назвалі дэбаты канструктыўнымі, праўда, паскардзіліся на недахоп часу.

Таццяна Караткевіч, кандыдат у Прэзідэнты Беларусі:

"Я першы раз удзельнічаю ў дэбатах, зрабіла выснову, іх сёння не хапае. Адна гадзіна дэбатаў - гэтага мала. Дыскусіі былі б больш гарачымі і дзейснымі, калі б гаварылі пра тое, якой павінна быць будучая Беларусь, кожны дзень".

Кандыдат Мікалай Улаховіч таксама зазначыў, што гадзіны эфірнага часу не хапае, і асабіста для сябе ён нічога новага сёння не пачуў.

Мікалай Улаховіч, кандыдат у Прэзідэнты Беларусі:

"Што я магу пачуць важнага. Калі ўзяць усе тры праграмы, злучыць разам і зняць там асобныя факты, то ўсе кандыдаты жадаюць беларускаму народу ў адзін голас дабра, а як гэта зрабіць, ніхто не ведае толкам".

Давераная асоба трэцяга кандыдата - Алег Гайдукевіч - адзначыў, што не здзіўлены адказамі сваіх апанентаў, а вось дэбаты, наадварот, яго прыемна здзівілі.

Алег Гайдукевіч, давераная асоба кандыдата ў Прэзідэнты Беларусі Сяргея Гайдукевіча:

"Я хачу ў першую чаргу сказаць дзякуй Беларускай тэлерадыёкампаніі за вельмі высокі клас арганізацыі дэбатаў. Усё было вельмі па-еўрапейску, сучасна, і, у прынцыпе, я хачу адзначыць як кіраўнік штаба, мы вельмі задаволены тым, як працуюць тэлебачанне, газеты, журналісты на гэтай кампаніі, як яна асвятляецца. І я вельмі задаволены дэбатамі, я лічу, што яны прайшлі ў канструктыўным ключы".

У цэлым тэледэбаты прайшлі, як адзначаюць і каментатары ў Інтэрнэце, і тыя, хто быў у гэты момант у студыі, даволі роўна.

Дзмітрый Бачкоў, вядучы тэледэбатаў: 

"Ведаеце, вось так цікава разбіліся па ролях. Давераная асоба кандыдата Сяргея Гайдукевіча, Алег Сяргеевіч, ён быў такім харызматычным, гучным, пераконваў сваёй харызмай. Таццяна Мікалаеўна Караткевіч, яна была такой дыпламатычнай, па-беларуску памяркоўнай, у добрым сэнсе гэтага слова, і Мікалай Дзмітрыевіч, савецкі кіраўнік, патрыёт. Я хачу сказаць, што я не быў здзіўлены нікім з іх, таму што яны вельмі арганічна прайшлі этапы пікетаў, выступленняў, зносін з прэсай. Я б сказаў, нічога новага, але ў той жа час канструктыўна".

І калі на працягу ўсяго эфірнага часу кандыдаты імкнуліся зрабіць акцэнты на нейкіх сваіх ключавых момантах праграмы, прэтэндуючы на індывідуальнасць у падыходах, то ў апошнія секунды выступленняў сышліся ў адным: усе трое звярнуліся да беларусаў з просьбай прыйсці на выбары, нагадаўшы, што важны кожны голас.