Аляксандр Лукашэнка запаліў калядную свечку ў храме Усіх святых

13 января 2019

Светлае свята адзначалі праваслаўныя вернікі 7 студзеня. Урачыстыя набажэнствы прайшлі ў дзясятках краін. У хрысціянскім календары Раство - адно з галоўных, і, мабыць, адно з найглыбейшых святаў. Час, калі прынята праяўляць асаблівы клопат і ўвагу таму, хто побач. Калі жаданне любіць, прабачаць, жыць у міры і згодзе - значна мацнейшае, чым мітусня штодзённых клопатаў. Раство - як сімвал нараджэння чалавека, каму наканавана ахвяраваць сабою дзеля выратавання іншых.

У гісторыі Беларусі такіх прыкладаў тысячы і тысячы. Каб абараніць Радзіму, каб абараніць свае сем'і, дзяцей і маці - не раз прыходзілася ахвяраваць самым дарагім - жыццём. Разам з суайчыннікамі па традыцыі ў гэты дзень храм наведаў і Кіраўнік дзяржавы. Калядную свечку Аляксандр Лукашэнка запаліў у храме-помніку ў гонар Усіх святых. І тут жа сімвалічна заклікаў шанаваць мір і дружбу паміж народамі.

 

Аляксандр Лукашэнка перадаў у дар храму абраз "Раство Хрыстовае". Яго вырабілі ў майстэрні каменнага россыпу пры Свята-Елісавецінскім манастыры. На абразе намаляваная пячора горада Віфлеема. У цэнтры кампазіцыі - Богамаці, у якой на каленях ляжыць Немаўлятка Хрыстос. У сваю чаргу Прэзідэнту ўручылі спецыяльны выпуск Евангелля, які быў распрацаваны да асвячэння галоўнага прастола храма.