Аляксандр Лукашэнка: У Беларусі створаная гарманічная сістэма самакіравання на месцах

5 мая 2019
Ад культурнай дыпламатыі да эканамічнай. Яна таксама ўжо стала візітнай карткай нашай краіны. У гандлёвых партнёрах Беларусі - больш за 200 дзяржаў. Пра нас ведаюць і з намі супрацоўнічаюць на ўсіх кантынентах. Рэгулярна Мінск становіцца і пляцоўкай для міжнародных перамоў, а ў Нацыянальным аэрапорце прызямляецца ўсё больш палітыкаў самага рознага рангу. 

Зрэшты, вялікая палітыка пачынаецца з малога і ў нашай краіне, і ў любой іншай дзяржаве. На гэтым тыдні Мінск стаў цэнтрам абмеркавання пытанняў мясцовага самакіравання ў Еўропе. Развіццё рэгіёнаў у нашай краіне - таксама ў прыярытэце. Тут і пытанне кадравай палітыкі, і развіццё малых населеных пунктаў, і бізнес на сяле. 

Беларусь працягне рух да большай самастойнасці органаў мясцовага самакіравання, з апірышчам на нашы традыцыі і запазычаннем лепшага еўрапейскага вопыту. Пра гэта ішла размова ўжо на сустрэчы Кіраўніка дзяржавы са старшынёй Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы Андэрсам Кнапэ. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: у нашай краіне створаная гарманічная сістэма самакіравання на месцах. Яна дазваляе падтрымліваць раўнамернае развіццё рэгіёнаў і імкнуцца да галоўнай мэты - роўнага ўзроўню жыцця людзей у любым пункце Беларусі.

Павышэнне статусу грамадскіх стараст - гэта адна з тых еўрапейскіх практык, што цалкам можа ўжывацца і беларусамі. Прэзідэнт з цікавасцю выслухаў, як ствараецца сістэма рэгіянальнага самакіравання на платформе Савета Еўропы, і пацвердзіў, што мы гатовыя запазычаць ідэі, якія не нашкодзяць нашай ужо адладжанай сістэме. Яе галоўны плюс, адзначыў Андэрс Кнапэ ўжо ў гутарцы з журналістамі, што яна накіраваная на павышэнне ўзроўню жыцця ў рэгіёнах.

Размова працягнулася з экспертамі ў фармаце круглага стала і на пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання. Спецыялісты дамовіліся неўзабаве распрацаваць дарожную карту па ўдасканаленні заканадаўства ў гэтай сферы. Каб пасля фарміраваць такую ўладу, якая будзе адказная за рашэнне любых пытанняў на месцах.