Аляксандр Лукашэнка правёў перамовы з прэм'ер-міністрам Грузіі

25 августа 2019

Гэты тыдзень у Мінску завяршыўся літаральна з грузінскім каларытам. Аляксандр Лукашэнка правёў перамовы з прэм'ер-міністрам Грузіі. Нашы краіны за апошнія гады сур'ёзна нарасцілі кантакты на ўсіх узроўнях. І зараз палітычны дыялог канвертуецца ў эканамічную выгаду.

За мінулы год Беларусь і Грузія нагандлявалі на 113 мільёнаў долараў. Прычым расце сфера паслуг, перш за ўсё турыстычных. Тут прырост адразу на чвэрць. У 2018  65 тысяч беларусаў адправіліся на адпачынак у Грузію. У найбліжэйшыя гады кірункаў супрацоўніцтва будзе яшчэ больш. Аляксандр Лукашэнка і Мамука Бахтадзэ пацвердзілі - нашы краіны маюць намер актыўна развіваць адносіны.

Задачу па нарошчванні ўзаемнага тавараабароту як нельга лепш  вырашае прамысловая кааперацыя. Сёлета ў Тбілісі з канвеера ўжо сышлі першыя беларускія ліфты. Магутнасці вытворчасці - амаль 4 сотні за год. Але гэта далёка не мяжа. А з сакавіка пачалі збіраць трактары малой магутнасці.  Літаральна з пачатку наступнага года на дарогах Батумі пачнуць курсіраваць электробусы Белкамунмаша. Днямі беларуская кампанія выйграла тэндар на пастаўку машын. Планы на наступны год - паглыбіць партнёрства ў фармацэўтыцы. 

Але галоўны брэнд, які літаральна ўварваўся на грузінскі рынак, -  беларускія прадукты харчавання. З кожным днём яны толькі ўмацоўваюць свае пазіцыі. Дарэчы, і да нас  наблізіліся  вытанчаныя закаўказскія тавары. У Мінску адкрыўся першы Гандлёвы дом Грузіі. Падабаюцца беларусам і каларытныя традыцыі гэтай гасціннай краіны.