Аляксандр Лукашэнка наведаў храм Раства Прасвятой Багародзіцы ў Оршы

12 апреля 2015

Другую праграму запар "Галоўны эфір" пачынаецца ад беларускіх храмаў, куды гэтымі днямі накіраваліся тысячы і тысячы нашых суайчыннікаў. Сёння праваслаўны свет адзначае светлае свята Уваскрэсення Хрыстова.

Яго беларусы сустракалі ў малітве на начных службах па ўсёй краіне. Уваскрэсенне Хрыстова азначае перамогу жыцця над грахом і смерцю і пачатак свету, збаўленага і асвячонага Ісусам Хрыстом. Галоўныя велікодныя набажэнствы прайшлі ў мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы. Іх правёў кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел.

З вялікім святам вернікаў павіншаваў Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка наведаў храм Раства Прасвятой Багародзіцы ў Оршы. Кіраўніка дзяржавы сустрэлі настаяцель царквы, архіепіскап Віцебскі Аршанскі Дзімітрый і дзясяткі вернікаў. Пад велікодныя спевы Прэзідэнт запаліў свечку і памаліўся ля абраза Уваскрэсення Хрыста.

Па традыцыі Прэзідэнт Беларусі і архіепіскап Віцебскі Аршанскі Дзімітрый абмяняліся падарункамі. Ад настаяцеля царквы Аляксандр Лукашэнка атрымаў жыватворны абраз "Таемная вячэра". У адказ у дарунак храму Кіраўнік дзяржавы перадаў абраз "Спас Уседзяржыцель". Гэта цэнтральны абраз у іканаграфіі Ісуса Хрыста. Абраз выраблены з дрэва і серабра. Аўтар - беларускі майстар з Баранавіч. Наведаць аршанскую царкву Прасвятой Багародзіцы падчас Вялікадня для Кіраўніка дзяржавы вельмі сімвалічна, бо ён родам з гэтых месцаў.

Царква Раства Прасвятой Багародзіцы была пабудавана ў канцы XVII стагоддзя. Падчас Вялікай Айчыннай вайны моцна пацярпела, а ў сярэдзіне 50-х была цалкам знішчана. І толькі ў пачатку нулявых на падмурку старога храма ўзвялі новы. Летась ён расчыніў свае дзверы для ўсіх вернікаў.