Аляксандр Лукашэнка наведаў Белтэлерадыёкампанію

15 апреля 2018

Спачатку будзе слова, і слова будзе "вайна" … інфармацыйная. Пра гэта па-прарочы заявіў Прэзідэнт Беларусі, наведваючы Белтэлерадыёкампанію і размаўляючы з журналістамі ў абсалютна адкрытым фармаце тэлестудыі. Паводле дакладнай метафары лідара - слова сёння больш страшнае, чым ядзерная зброя. Ніякага парытэту, жэнеўскіх канвенцый і паўнавартаснай абароны. Добра, што гэтым разам свет выстаяў. Зрэшты, не толькі пра гэта ішла размова на сустрэчы з Прэзідэнтам - сустрэчы важнай і вельмі цікавай.

Падрабязнасці ў Андрэя Крывашэева. Каб стаць бэтэшнікам, мала скончыць журфак, мала пісаць, здымаць або манціраваць, мала проста працаваць на Макаёнка 9. Тэлецэнтр як жывы медыяарганізм зацягвае. Праца на грані нервовага зрыву, раптоўныя камандзіроўкі, прамыя эфіры... Усё жыццё Беларусі і планеты за 60 гадоў прайшло праз нашы мантажныя пульты. Шалёны рытм, але шалёная настальгія любога, хто хоць раз сутыкнуўся з магіяй тэлебачання.

Прэзідэнта на Макаёнка, 9 таксама лічаць бэтэшнікам, сваім, таму што галоўны ньюсмейкер. Таму што кожны этап нашага развіцця за апошнія два дзесяцігоддзі звязаны з яго рашэннямі. З пачатку 1990-х не падзялілі і не прадалі алігархам. Затым - новыя студыі, камеры і лінейка тэлеканалаў. Пазней стварэнне калег-канкурэнтаў: АНТ і СТБ, а гэта дынаміка і стымул застацца Першым нацыянальным.

Мінулы візіт 14 гадоў таму - столькі эфіраў прайшло. Вось яны на фотавыставе ў фае. За кожным здымкам цэлая эпоха. Таму проста сказаць, што Прэзідэнта чакалі, - значыць, нічога не сказаць.

Вядома, не стрымаліся. Вядома, з парога з гонарам паказалі галоўную навацыю – карцінку ў фармаце НD. За знешняй прастатой поўнае тэхнічнае пераабсталяванне пяці каналаў. Такога ў свеце і за такі кароткі тэрмін не рабіў ніхто!

14 гадоў таму ішлі тым жа маршрутам. Але з тых пор засталіся толькі сцены і супермайстры тэлецэха. Начынне змянілася тройчы. Прэзідэнту паказваюць мантажныя апаратныя. Тады былі грувасткія касеты БТКМ, сёння кампактныя флешкі. Гатовы сюжэт з пульта ляціць за хвіліны – паўтара дзесяцігоддзя таму толькі ўручную і толькі ў рэальным часе.

А гэта студыя навін "300". Менавіта адсюль 20 гадоў таму першы прэзідэнцкі тэлемост Мінск - Масква. Праграма "Тут і зараз". З вядучым спрачаюцца аб прыватызацыі, дэмакратыі і саюзным дагаворы з Расіяй.

20 гадоў мінула. І тыя словы сёння гучаць па-прарочы. Як і галоўнае патрабаванне - не капіруйце чужое, зрабіце сваё якаснае тэлебачанне. Робім, імкнемся.

А гэта "шасцісотка". Самая вялікая студыя на Макаёнка. Сёння працуе ў адкрытым прэзідэнцкім фармаце. І гэта не метафара - фармат адкрытага дыялогу прапанаваў менавіта Аляксандр Лукашэнка. 14 гадоў таму. Сёння лідар прызнаецца: вялізная настальгія, і без гэтых тэлесезонаў шмат у чым не было б суверэнітэту. І слова сёння - гэтая зброя, больш магутная за ядзерную.

Далей адкрыты дыялог з журналістамі. Прэзідэнт наўмысна больш слухае, чым гаворыць. Гэта ж не прэс-канферэнцыя, а сур'ёзная гутарка пра нашу нацыянальную інфармацыйную прастору.

Мы падчас дыялогу вырашалі свае праблемы як то: нежаданне чыноўнікаў даваць аператыўны каментарый, дэфіцыт маладых журналістаў і новых студый, папраўкі ў закон аб СМІ, якія не дазволяць красці ў нас кантэнт і зраўнуюць нас у правах, абавязках і адказнасці з "калегамі" з Глабальнай павуціны - блогерамі і іншымі графаманамі.

Больш чым чатыры гадзіны гаварылі пра сваё, набалелае. Эгаістычна? Магчыма. Але мы не для сябе працуем. Даступны для прэсы чыноўнік - гэта аператыўна вырашаныя праблемы людзей. Менш ананімаў і злачынстваў у Сетцы - гэта ўтрыманыя ад наркаманіі, педафіліі і экстрэмізму дзеці і блізкія. Закон, роўны для ўсіх журналістаў, - значыць менш фейкаў, правакацый і парушэнняў грамадзянскіх правоў. Менавіта такая логіка Прэзідэнта. І менавіта такі вынік нашага дыялогу.

Адрозненне нашых медыя ў бок канструктыву і спакойнай узважанай пазіцыі сёння адзначаюць многія палітыкі і эксперты. СМІ - яны, як люстэрка з эфектам унушэння. Б’юцца ў тэлевізары - чакай боек на вуліцах. Развязалі вайну ў прэсе - рыхтуй арсенал для паўсядзённага выжывання.

На развітанне Прэзідэнт прызнаецца: камень з душы зняў - даўно не быў, даўно так шчыра і глыбока не гаварыў з журналістамі пра наша рамяство і прызначэнне. Калі шчыра - камень знялі і мы. Таму што зараз чыноўнік не адмовіцца ад каментарыя. Таму што ўжо пайшоў рух у кузнях новых пакаленняў журналістаў. Таму што ўпэўненыя: роўныя правы і адказнасць у абноўленым законе аб СМІ ўсім журналістам і аўтарам гарантаваныя.

Нарэшце, таму, што яшчэ праз 15 гадоў, магчыма, не нам, а тым, хто сёння садзіцца за першы ў жыцці артыкул або сюжэт, будзе не сорамна падняць гэтыя кадры, якія сталі ўжо архівам.