Аляксандр Лукашэнка перадаў Нурсултану Назарбаеву копіі дакументаў для мемарыяльнага комплексу ахвяр палітрэпрэсій

11 июня 2017

Гучала ў Казахстане і тэма гісторыі. Сярод іншага менавіта наконт яе падчас двухбаковай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Нурсултана Назарбаева гаварылі лідары дзвюх краін. Гэты эпізод на мове дыпламатыі хутчэй назавуць гуманітарным супрацоўніцтвам. Але за агульнай фармулёўкай стаіць больш глыбокі сэнс - чалавечыя лёсы.

Кіраўнік беларускай дзяржавы перадаў свайму калегу копіі архіўных спраў беларусак, асуджаных напрыканцы 30-х гадоў па палітычных матывах і сасланых у Акмалінскі лагер на тэрыторыі Казахстана. Сярод іх і справа Маі Кляшторнай. У гэта цяжка паверыць, але 80 гадоў таму яе, чатырохмесячную, разам з маці адправілі ў найбуйнейшы савецкі лагер жонак здраднікаў Радзімы. Праз столькі гадоў Мая Кляшторная ўпершыню азнаёмілася з матэрыяламі справы сваёй маці, якія літаральна па макулінках збіраў Камітэт дзяржбяспекі Беларусі.

Наша здымачная група пабывала ў тым самім Акмалінскім лагеры - ад Астаны да яго ўсяго нейкія 36 кіламетраў, а ў Мінску пагутарыла з Маяй Кляшторнай. Няпростая гісторыя ў рэпартажы Ілоны Красуцкай.

Гэтая сустрэча была прызначана апоўдні. І кожныя пяць хвілін чакання нібы станавіліся выратаваннем для журналістаў. Так хацелася хоць на нейкі час адкласці няпростыя пытанні. Мая Кляшторная - дачка былой вязніцы найбуйнейшага савецкага жаночага лагера Яніны Германовіч і рэпрэсіраванага беларускага паэта Тодара Кляшторнага. Калі бацьку расстралялі, чатырохмесячную Маю разам з маці адправілі ў АЛЖЗР – Акмалінскі лагер жонак здраднікаў Радзімы. На пытанне, што дало сілу і дапамагло выжыць, яна адкажа: шчасце, бо мама была побач.

Пяць гадоў маленькая Мая правяла разам з маці ў Акмалінскім лагеры, яшчэ шэсць - у дзіцячым спецпрыёмніку НКУС, затым доўгія гады ў ссылцы ў Сібіры. Зараз на месцы АЛЖЗР музейны комплекс. Яго Мая Кляшторная называе домам святых душ. А жанчын, якія страцілі мужоў, дзяцей і маладосць, - мадоннамі.

Штогод музейны комплекс наведваюць 20 тысяч чалавек з розных краін. Кожны прыходзіць са сваім унутраным маналогам: дзеці, унукі, праўнукі тых, каму давялося перажыць самыя цяжкія выпрабаванні. Сімвалічна, што 31 мая, у дзень свайго 80-годдзя, тут пабывала і Мая Кляшторная. Гэтую падзею шырока асвятлялі казахстанскія СМІ. На сцяне памяці выгравіраваныя сотні прозвішчаў жанчын - вязніц АЛЖЗР. Сярод іх і імя маці Маі Кляшторнай.

Раіса Жаксыбаева, кіраўнік экскурсійна-выставачнага аддзела музейна-мемарыяльнага комплексу АЛЖЗР:

"Мая была вельмі моцнай - выжыла ў АЛЖЗР. І калі дзяўчынцы споўнілася чатыры гады, яе адправілі ў Асакараўскі дзіцячы дом у Карагандзе. Перад адпраўкай ёй далі магчымасць развітацца з маці, якая ёй сказала: "Мая, запомні, ты не адна на свеце, у цябе ёсць дзве сястры - Тадыяна і Веснаіна". Дзіцяці чатыры гады, як яно магло запомніць! Дзеткам не давалі чытаць лісты, што прыходзілі ў дзіцячы дом, імі ўцяплялі вокны. Калі ёй споўнілася дзесяць гадоў і яна ўжо навучылася чытаць, у дзіцячым доме яна неяк стаяла ля акна, шчыліны якога былі заткнутыя паперай. І раптам убачыла ліст Кляшторнай Маі, адкрыла яго і даведалася, што яе шукаюць сёстры, якія жывуць у Мінску. Затым Мая напісала адказ. Такім чынам сёстры знайшлі яе. І з тых часоў ніколі не расставаліся".

Праз Акмалінскі лагер жонак здраднікаў Радзімы прайшлі этапам звыш 18-ці тысяч жанчын. Ад званка да званка ў АЛЖЗР адбывалі тэрмін прадстаўніцы 62-х нацыянальнасцяў. Яны аказваліся асуджанымі на пакуты і смерць. Везлі вязніц у вагонах-цяплушках. У кожным па 70 чалавек. Дарога да Казахстана магла займаць некалькі тыдняў. Выжывалі не ўсе. Па дарозе спрабавалі адправіць вестку дамоў. Пасланні ў прамым сэнсе былі напісаныя крывёй. У музейным комплексе АЛЖЗР захоўваецца адзін з такіх лістоў ураджэнкі Беларусі.

Сёння многія краіны дапамагаюць Казахстану збіраць звесткі аб гісторыі палітычных рэпрэсій. Пра 63 беларускі, вязніцы АЛЖЗР, Камітэт дзяржбяспекі збіраў інфармацыю літаральна па макулінках. Для ўсіх гэтых жанчын адзін артыкул - "Жонка здрадніка Радзімы". Тэрмін зняволення - ад 5 да 8 гадоў. Перад тым як адправіць дакументы ў Астану, Мая Кляшторная ўпершыню бачыць матэрыялы справы сваёй маці. Яны доўгія дзесяцігоддзі захоўваліся пад грыфам "Сакрэтна". Не зможа стрымаць эмоцый. І толькі просіць шклянку вады. Сярод дакументаў пастанова, ордэр на арышт, пратаколы вобыску і допытаў. І самае дарагое - лісты яе маці.

Юрый Звераў, супрацоўнік Цэнтральнага архіва КДБ Беларусі, кандыдат гістарычных навук:

"У выніку карпатлівай працы супрацоўнікамі КДБ былі знойдзеныя дакументы ў дачыненні да 63-х жанчын, жонак рэпрэсіраваных у 30-я гады прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Гэтыя дакументы ўяўляюць як гістарычную, так і навуковую значнасць. І на сёння прынята рашэнне перадаць копіі выяўленых архіўных дакументаў казахстанскаму боку".

Гістарычная памяць шмат значыць для беларусаў. У краіне дастаткова помнікаў, якія звернутыя не толькі да гераічных падзей, але і да трагічных. Сімвалы трагедыі і напамінак аб тым, як важна захоўваць мір і валодаць разумным палітычным сэнсам.

Копіі архіўных спраў беларусак, асуджаных напрыканцы 30-х гадоў па палітычных матывах і сасланых у лагер на тэрыторыі Казахстана, Кіраўнік беларускай дзяржавы перадаў свайму калегу Нурсултану Назарбаеву падчас асабістай сустрэчы. Каштоўныя матэрыялы стануць часткай экспазіцыі мемарыяльнага комплексу памяці ахвяр рэпрэсій.

Так, Беларусь і Казахстан аб'ядноўвае вельмі многае. І на мове дыпламатыі гэтую гісторыю, хутчэй, назавуць гуманітарным супрацоўніцтвам. Але за фармулёўкай тое, што аб'ядноўвае краіны, часам мацнейшае за любыя дакументы - гэта чалавечыя лёсы.

Трагічныя старонкі як чарговы напамін беражліва захоўваць памяць аб людзях, падзеях, якія праз некаторы час становяцца гісторыяй. А яе не перакрэсліш. Гісторыя болю і памяці Беларусі: Хатынь, Трасцянец, Курапаты. Агульнанацыянальны мемарыял зараз ствараецца пад Мінскам. Месца, куды можна прыйсці для малітвы і сузірання. Нагляднае сведчанне і напамінак аб складаным перыядзе ў гісторыі народа.