Аляксандр Лукашэнка на суботнік адправіўся ў сталічны мікрараён Каменная Горка

19 апреля 2015

Крыху пазней лічбы, а пакуль агульная карціна. Тут вам і праца на карысць грамадства, і сацыяльная нагрузка, і вызначаны фінансавы эфект. Учора прыбіралі, добраўпарадкоўвалі і ўзводзілі людзі самых розных узростаў, прафесій і статусу - ад школьніка да Прэзідэнта. Дарэчы, Аляксандр Лукашэнка на суботнік адправіўся ў сталічны мікрараён Каменная Горка на будаўніцтва дзіцячай паліклінікі.

Разам са сваёй брыгадай Аляксандр Лукашэнка выконваў работы па стварэнні цэментава-пясчаных сцяжак у памяшканнях і калідоры першага паверха паліклінікі. Плошчай гэта будзе самы буйны аб'ект аховы здароўя не толькі ва ўсім Фрунзенскім раёне, але і ў Мінску. Штодня дактары змогуць прымаць да тысячы маленькіх пацыентаў. На будаўніцтве дзіцячай паліклінікі ў Каменнай Горцы працавалі тры брыгады. У складзе адной з іх працавалі і шматдзетныя сем'і. Невыпадкова. Бо гэты статус у большасці навасельцаў Каменнай Горкі.

Пасля будаўнічых работ Прэзідэнт пагутарыў з журналістамі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дбайна адсочвае ўсю інфармацыю, у тым ліку і ў СМІ, дзе паведамляецца пра некаторыя хваляванні наконт трэцяга дэкрэту. А таксама распавёў, што мае намер быць 9 мая ў Мінску і прымаць парад.

І яшчэ пра суботнік. Пасільнае ўкладанне ў гэты дзень унеслі і члены ўрада. Працавалі ва Уздзенскім лясніцтве. На месцы былога жвіравога кар'ера Валяр’янава Андрэй Кабякоў і яго падначаленыя высадзілі амаль 8 гектараў маладых хвой. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Косінец працаваў на будаўніцтве новай сталічнай школы ў мікрараёне Лябяжы. Яго брыгада займалася сцяжкай падлогі ў будучых навучальных класах. Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч працаваў на базе 4-й гарадской клінічнай бальніцы імя Саўчанкі. Яго калега з ніжняй палаты Уладзімір Андрэйчанка разам з дэпутатамі добраўпарадкоўвалі парк імя Уга Чавеса ў Мінску.

А зараз лічбы. Усяго ўдзел у суботніку прынялі больш за тры мільёны чалавек. Зароблена каля шасцідзесяці аднаго мільярда рублёў.