А. Лукашэнка: "Беларусь адкрытая для партнёраў і слушных прапаноў аб супрацоўніцтве"

21 января 2018

Аб гэтым на тыдні Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка гаварыў на цырымоніі ўручэння вярыцельных грамат, а таксама падчас дакладу кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея. Так, у розных частках свету сёння ведаюць аб Беларусі як аб краіне, якая адкрытая для партнёраў і слушных прапаноў аб супрацоўніцтве, заявіў беларускі лідар, прымаючы вярыцельныя граматы 12-ці новых паслоў. Гэтая цырымонія традыцыйная - яшчэ і нагода абмеркаваць, як развіваюцца двухбаковыя адносіны.

Сярод пасланцаў - прадстаўнікі постсавецкіх рэспублік - Грузіі, Таджыкістана і Казахстана. З імі нацэленыя на паглыбленне кааперацыі. Ад Еўрапейскага рэгіёна вярыцельныя граматы ўручылі паслы Мальты, Харватыі і Ісландыі. У гэтым кірунку спектр супрацоўніцтва таксама становіцца ўсё шырэйшы: ад кантактаў на ўзроўні турызму і бізнесу да якаснага развіцця тавараабароту.

Свае паўнамоцтвы пацвердзілі і дэлегаты ад партнёраў па далёкай дузе беларускага экспарту: Камбоджа, Малайзія, Егіпет, Нігерыя, Калумбія і Куба. Кантакты з гэтымі краінамі наладжаныя, але заўсёды ёсць месцы для дадатковага росту. Якія магчымасці ў афіцыйнага Мінска і Гаваны, напрыклад, абмяркуюць падчас маючага адбыцца візіту беларускага Прэзідэнта ў гэтую краіну.

Беларусь сёння падтрымлівае гандлёвыя адносіны больш чым з 190 дзяржавамі свету. Найважнейшыя экспартныя пазіцыі - нафта і прадукты нафтаперапрацоўкі, мінеральныя ўгнаенні, металапрадукцыя, грузавыя і легкавыя аўтамабілі, трактары, шыны, малочная і мясная прадукцыя. Як паведаміў міністр замежных спраў Уладзімір Макей, продажы за мяжу павялічыліся па ўсіх кірунках. У цэлым амаль на чвэрць за няпоўны 2017-ы.

Гэта пры тым, што беларускі МЗС прайшоў праз "сіта" аптымізацыі. Цэнтральны апарат скарочаны на трэць. Будуць закрытыя генконсульствы ў Адэсе, Гданьску і Мілане. З іншага боку, прапрацоўваецца адкрыццё новых пасольстваў у адной з краін Афрыкі і ў Еўропе. Задачу па дыверсіфікаванні экспарту ніхто не адмяняў.