1 верасня Прэзідэнт наведаў Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж

3 сентября 2017

Традыцыйна 1 верасня Прэзідэнт наведвае навучальныя ўстановы. Не стаў выключэннем і старт гэтага навучальнага года. Аляксандр Лукашэнка адправіўся ў Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж. Запрашэнне наведаць адну з найстарэйшых устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў краіне Кіраўнік дзяржавы атрымаў падчас Рэспубліканскага педсавета. Мерапрыемства неадкладна з'явілася ў рабочым графіку Прэзідэнта. Падчас наведвання аўтамеханічнага каледжа пытанні, узнятыя на нядаўнім адукацыйным форуме, атрымалі развіццё: якія перспектывы ў сістэмы прафадукацыі, на чым зрабіць акцэнт.

Зразумела, наперадзе вялікая праца, але што бясспрэчна, і гэта чарговы раз падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, - беларуская адукацыя павінна арыентавацца на патрэбнасці эканомікі. Дык як вярнуць прэстыж рабочым прафесіям, без якіх грамадства не абыдзецца нават у эпоху робататэхнікі? Ілона Красуцкая сустрэлася з рэктарам Рэспубліканскага інстытута прафадукацыі Валерыем Галубоўскім. Тым самым, што запрасіў Кіраўніка дзяржавы на 1 верасня. Усе падрабязнасці ў наступным матэрыяле.

Расказвае Ілона Красуцкая.

1 верасня. Не цяжка спрагназаваць, якім будзе рабочы графік Прэзідэнта. У гэты дзень Кіраўнік дзяржавы заўсёды побач з дзецьмі. Праўда, гэтым разам прыехаў да старэйшых. На святочнай лінейцы аўтамеханічнага каледжа сотні навучэнцаў. Без пяці хвілін былыя школьнікі - першакурснікі, побач тыя, хто ўсё бліжэй да дыплома. Зрэшты, скажа Прэзідэнт, учынак сапраўдных мужчын - выбралі рабочую спецыяльнасць.

Мінскі аўтамеханічны каледж - адна з найстарэйшых устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў краіне. Яго 72-гадовая гісторыя цесна звязаная з развіццём Мінскага аўтамабільнага, які знаходзіцца літаральна цераз дарогу. За гэты час каледж выпусціў 24 тысячы спецыялістаў. А гэта амаль у паўтара раза больш, чым увесь цяперашні калектыў МАЗа.

Валерый Кірыленка, дырэктар Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа: "Найбольш запатрабаванымі спецыяльнасцямі з'яўляюцца аўтасэрвіс і техэксплуатацыя аўтамабіляў. Конкурс склаў ад 1,5 да 2 чалавек на месца. Балы добрыя ў хлопцаў, ад 7. Хлопцы хочуць атрымаць гэтую прафесію. Сёлета ўпершыню ў адной групе ў нас 3 дзяўчынкі на спецыяльнасці "аўтасэрвіс".

Дырэктар каледжа Валерый Кірыленка - яго ж экс-выпускнік, ды і цяперашнія выкладчыкі, майстры, лабаранты таксама яшчэ зусім нядаўна сядзелі за гэтымі партамі.

Аб тым, як удасканальваць сістэму прафесійнай адукацыі, гаварылі падчас экскурсіі. У нашай краіне 248 устаноў прафтэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Зараз ідзе аптымізацыя іх сеткі. Па-першае, каб ліквідаваць блытаніну са стандартамі і праграмамі. Куды ідуць далей выпускнікі - часам поўнае бязладдзе. Дамовіліся: застануцца толькі прафесійныя каледжы з адзіным высокім стандартам у кожнай прафесіі.

Сама ўстанова, хутчэй, нагадвае міні-прадпрыемства: тут выключна найноўшыя лабараторыі, рэсурсавы цэнтр падрыхтоўкі кадраў для абслугоўвання і рамонту аўтамабіляў, СТА, аўтадром. Прама ў класах аўтамабілі вядомых марак. Задача навучэнцаў: справіцца з імітатарам няспраўнасцяў. З дапамогай дыягнастычнага абсталявання падключыцца да аўто і ліквідаваць паломку.

На стапелі ў адной з лабараторый і аўтамабіль "джылі". На гэтым узоры навучэнцы вучацца кузаўному рамонту. Гэты народны аўтамабіль некалі быў марай Прэзідэнта. Зараз пад Барысавам завяршаецца будаўніцтва завода, дзе з канвеера штогод будуць сыходзіць 60 тысяч аўто рознага класа. Заядлы аўтааматар Аляксандр Лукашэнка ставіць новую задачу беларускім распрацоўшчыкам. На вуліцах краіны павінен з'явіцца айчынны электракар.

Запрашэнне наведаць Мінскі аўтамеханічны Кіраўнік дзяржавы атрымаў падчас Рэспубліканскага педсавета. Нягледзячы на тое, што попыт на Прэзідэнта 1-га верасня надта вялікі, мерапрыемства адразу з'явілася ў рабочым графіку.

З ініцыятарам, рэктарам Рэспубліканскага інстытута прафадукацыі Валерыем Галубоўскім наша здымачная група знарок сустрэлася па-за прэзідэнцкім маршрутам. Для гутаркі выбралі каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе, каб паглядзець, якая "карцінка" і "начынне" ў іншых прафесійна-тэхнічных лакацый.

На Рэспубліканскім педсавеце Валерый Галубоўскі прапанаваў пастаўляць у каледжы ўзоры новага абсталявання прама з мадэрнізаваных прадпрыемстваў. Кіраўнік дзяржавы не супраць. Але падыход будзе дыферэнцыяваным: усё ж для гэтага трэба час, умовы ды і грошы немалыя. Альтэрнатыва ад Прэзідэнта - рэгіянальныя тыпавыя цэнтры.

Што тычыцца трэндаў прафадукацыі. Штогод больш за траціну выпускнікоў школ выбіраюць ліцэі і каледжы ў якасці першай прыступкі кар'ернага росту. У новым навучальным годзе іх студэнтамі стануць амаль 190 тысяч. Падчас уступнай кампаніі - 2017 дакумент прымалі па 260 прафесіях. У топе слесар па рамонце аўтамабіляў, аўтамеханік, цырульнік і повар. Аб высокай якасці прафадукацыі сведчаць перамогі беларускіх студэнтаў і навучэнцаў на міжнародных алімпіядах і ў конкурсах прафмайстэрства. Значныя вынікі дзякуючы захаванай у Беларусі сістэме прафесійна-тэхнічнай падрыхтоўкі. Навучанне цалкам інтэграванае з вытворчасцю і рэальнымі патрэбнасцямі эканомікі. Ды і шматлікія дзяржавы пастаянна звяртаюцца да нас з просьбай падрыхтаваць канкурэнтаздольных і запатрабаваных спецыялістаў.

Тым часам зборная Беларусі рыхтуецца да так званых працоўных Алімпійскіх гульняў - WorldSkills. Сусветнае першынство адбудзецца ў кастрычніку. У Абу-Дабі сустрэнуцца лепшыя майстры з розных краін планеты - знатакі сваёй справы ў графічным дызайне, кандытарскім мастацтве, аўтатэхналогіях, сталярных і электразварачных работах. Ужо заўтра яны будуць ламаць галаву над вытворчасцю беларускага электракара і хто ведае… Магчыма, неўзабаве апынуцца ў Палацы Незалежнасці. Гэты статусны будынак даўно зламаў стэрэатыпы аб сваёй зачыненасці, як і Беларусь аб нібыта непрэстыжнасці рабочых прафесій. У чаканні дзяржаўных узнагарод тут часта ў суседніх крэслах сядзяць слесар і міністр, навуковец і аўтамеханік. Лепшае сведчанне - ручная праца заўсёды застаецца ў трэндзе.