11 кастрычніка Беларусь зрабіла свой выбар

27 декабря 2015

А зараз намінацыя, якая ва ўсіх выніковых праграмах з'яўляецца найбольш чаканай, але самай непрадказальнай - "чалавек года". У Беларусі ім адназначна стаў беларус, які зрабіў свой выбар.

Андрэй Крывашэеў аб выбары. Выбары згуртаванай, мірнай і незалежнай Беларусі. Галоўны палітычны марафон пяцігоддзя скончыўся пераканаўчай і ўнікальнай перамогай. Перамогай без прайграўшых, якой узнагароджаны ўсе ўдзельнікі кампаніі.

Дзяржава набыла новы імпульс суверэннага будаўніцтва і пацвердзіла рэнамэ ўладальніка і донара стабільнасці на кантыненце.

Грамадства бліснула згуртаванасцю і высокай палітычнай культурай. Ішлі да гэтага 2 дзесяцігоддзі.

Партыі і палітыкі адхіліліся ад маргіналаў і набралі вагу і пазнавальнасць. Добры зачын на выбары парламенцкія.

Нарэшце, прэса, эксперты і назіральнікі падзялілі перамогу з беларусамі і данеслі да свету галоўнае пасланне: і на руінах ранейшага светаладу, паміж гарачымі і халоднымі войнамі, у наша вар'яцкае стагоддзе можна захоўваць мір, годнасць і прыстойнасць як у палітыцы, так і ў незалежным нацыянальным будаўніцтве.

11 кастрычніка Беларусь зрабіла свой выбар. Беларусь прагаласавала за суверэнны, паступальны і справядлівы варыянт гісторыі. Засталася сабой. І засталася надзейным саюзнікам для Усходу і зразумелым партнёрам для Захаду.

Яшчэ адна пяцігадовая вяха суверэннай гісторыі і дзяржаўнага будаўніцтва паказала: два дзесяцігоддзі - дастатковы для беларусаў тэрмін, каб выбраць, пабудаваць і абараніць свой варыянт сапраўднага і будучага.

Яшчэ ўсяго 10 гадоў таму не верылася, што выбарамі можна так склеіць краіну. Ды яшчэ краіну, заціснутую паміж Захадам і Усходам. Паміж вайной ва Украіне і хваляй мігрантаў у Еўрасаюзе. Паміж санкцыямі і новай гонкай мілітарызму ў Еўрасаюзе і Расіі. Паміж парыжскім тэрорам і ўльтраправымі Старога Свету. Беларусы ў гэтым сэнсе не проста прагаласавалі як традыцыйныя еўрапейцы з традыцыйнымі каштоўнасцямі, беларусы далі шанц Вялікай традыцыйнай Еўразіі прымірыцца ў будучыні

Перамога Аляксандра Лукашэнкі пры вялізнай яўцы і з вялікай перавагай - гэта перамога адкрытай, сацыяльнай і справядлівай мадэлі развіцця. Без алігархату і эканамічных шокаў, без палітычнай клаунады і нээліберальнай экспансіі.

Клаўдзіа Гуджэроці, Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь: "Беларусь - гэта адзіная рэспубліка былога Савецкага Саюза, дзе няма жабракоў. Менавіта гэта першае і галоўнае права чалавека: жыць, працаваць, мець доступ да медыцыны і адукацыі. Я жадаю Аляксандру Лукашэнку захаваць гэта, а свету жадаю разгледзець і прыняць зычлівасць Беларусі, сяброўства і працавітасць вашага народа. Жадаю адкрыць для сябе сапраўдную Беларусь".

Гэта перамога без прайграўшых. Бо сур'ёзна дэструктыўных вулічных хуліганаў з дваццацігадовай гісторыяй паражэнняў ні палітыкамі, ні ўдзельнікамі выбараў назваць нельга.

Выбары паказалі: у Беларусі сфарміраваны новы ўзровень палітычнай культуры і дакладная пазіцыя грамадства. "Маўклівая большасць" па-амерыканску і падмурак сярэдняга класа па-еўрапейску. Сваёй спакойнай маўклівай свабодай ён гарантуе дзяржаве эвалюцыю і развіццё.

Новы ўзровень палітычнай культуры - гэта яшчэ і новая якасць назірання, палітычнай журналістыкі, аналітыкі і сацыялогіі. Тры экзітполы і добразычлівая ацэнка вынікаў. Нават традыцыйна ўльтракрытычнае Бюро АБСЕ не на словах, а ў лічбах, нарэшце, прызнала якасць працэдур і выніку.

Нашы прынцыпы прыстойнай знешняй палітыкі глабальнымі гульцамі, здаецца, нарэшце, пачутыя і прынятыя. І "агароджы" на беларускай зямлі паміж Захадам і Усходам, паміж вялікімі Кітаем, Расіяй і ЗША не будзе. Як першая ластаўка адлігі - спыненне санкцый і пацяпленне па ўсіх франтах - ад рыторыкі да рэальнай эканомікі.

Андрэа Вікторын, кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь: "Я ўпэўненая, што мы будзем актыўна развіваць адносіны паміж Еўрасаюзам і Беларуссю падчас новага прэзідэнцкага тэрміна. Беларусь і ЕС разам павінны супрацьстаяць глабальным выклікам і пагрозам, больш дынамічна супрацоўнічаць у сферы эканомікі. І я б жадала, каб і Прэзідэнт, і народ, і мы разам адкрылі новыя магчымасці для кожнага".

Выбары ў Беларусі і для Беларусі, але гэта яшчэ і плебісцыт удзельніка Еўразійскай і Шанхайскай інтэграцыі, і заснавальніка Аб'яднаных Нацый. Ад Беларусі чакалі паслядоўнасці і стабільнасці і не памыліліся.

Галоўны пераможца выбараў - беларускі народ, які даказаў сабе і свету, што здольны сам выбіраць і абараняць будучыню для сябе і сваёй дзяржавы. Незалежна, празрыста і дэмакратычна. Менавіта таму самыя шчырыя словы зусім не як вопытны палітык, надзелены каласальным даверам, а як чалавек і грамадзянін, як патрыёт сваёй Радзімы, зноў абраны Прэзідэнт звяртае да народа.

Выбары для любой краіны, для любога грамадства - гэта заўсёды стрэс. Свой стрэс-тэст беларусы прайшлі годна, нават у наш нялёгкі час. На гэтым тыдні на вялікім кадравым дні і будучы год Прэзідэнт назваў складаным. Ён таксама будзе выпрабаваннем для вертыкалі ўлады. Таму Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад кіраўнікоў усіх узроўняў сабранасці, асабістай прыстойнасці і ініцыятыўнасці. Беларусі не патрэбныя неабдуманыя эксперыменты, галоўным крытэрыямі эфектыўнасці працы дзяржаўнага менеджменту застануцца інтарэсы і абароненасць людзей. Для гэтага сфарміраваная каманда. Члены ўрада ўжо на сваіх месцах. Але нічога не стаіць на месцы. Пасля выбараў лейтматывам прагучала: па-старому больш нельга. А як па-новаму? Аб гэтым напярэдадні мы спыталіся ў рэктара Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Марата Жылінскага.