11 сакавіка ў сталічнай падземцы пералічылі пасажыраў

15 марта 2015

Навіна, якая ў літаральным сэнсе ўзарвала сацыяльныя сеткі. Папяровы талончык з парадкавым нумарам на некалькі дзён стаў самым папулярным адлюстраваннем на фота. Селфі з рознакаляровымі рэгістрацыйнымі знакамі не рабіў хіба што гультаяваты.

Гавораць, што пракаціцца ў метро ў сераду вырашылі нават тыя, хто туды спускаецца рэдка. Зрэшты, галоўную мэту маніторынгу зразумелі далёка не ўсе. Што ж зменіцца ў метро пасля эксперыменту, ці паўплывае гэта на працу наземнага транспарту, і навошта на прыгарадных маршрутах уводзяць дыферэнцыраваную аплату? Нарэшце, колькі будзе каштаваць праезд? Таранспортную тэму вывучыў Аляксандр Харавец.

20 разоў за хвіліну. Менавіта з такой перыядычнасцю гучалі гэтыя словы з вуснаў работнікаў сталічнай падземкі. Падлікоўцы (а гэта больш за паўтары тысячы работнікаў метро) спачатку раздавалі, а затым збіралі талоны ў пасажыраў. Па словах спецыялістаў, такі маніторынг найбольш аптымальны для дакладнага падліку пасажырапатоку. Хібнасць пры гэтым меншая за працэнт.

Штодня паслугамі сталічнага метрапалітэна карыстаюцца каля мільёна пасажыраў. Аднак талонаў нарыхтавалі на 15 працэнтаў больш. А калі дакладна - 1 мільён 200 тысяч.

Маніторынг, на думку спецыялістаў, дапаможа атрымаць звесткі наконт загружанасці метро на працягу дня, удасканаліць графік руху цягнікоў, аптымізаваць працу кас. Таксама сярод задач - удакладніць колькасць пасажыраў, якія карыстаюцца перасадачным вузлом "Кастрычніцкая" - "Купалаўская", і вызначыць сярэднюю далёкасць паездкі пасажыраў.

Падлічваць талоны супрацоўнікі метрапалітэна будуць уручную. Такі метад ужо прымяняўся ў 2002 годзе - тады інтэрвалы руху цягнікоў у час пік былі перагледжаныя з трох з паловай да дзвюх з паловай хвілін.

Як толькі з метро выйшаў апошні пасажыр, у ноч на 12 сакавіка талоннае абследаванне завяршылася. Што датычыцца вынікаў, то яны стануць вядомыя праз месяц. Гэтая інфармацыя дасць магчымасць адкарэкціраваць працу не толькі падземнага, але і наземнага транспарту сталіцы.

Напрыклад, з'явяцца тралейбусныя маршруты, якія звяжуць мікрараёны Каменная Горка і Зялёны Луг. А з 30 сакавіка пасажыры прыгарадных маршрутаў сталіцы змогуць аплачваць праезд па бескантактавых картках. Сёння ўсе аўтобусы абсталяваныя навігацыйнымі сістэмамі і валідатарамі. На думку транспартнікаў, гэты спосаб аплаты скароціць час пасадкі пасажыраў у салон, бо пакуль білеты на прыгарадныя маршруты прадаюцца ў касах або ў вадзіцеля.

Фактычна пасажыры будуць аплачваць праезд у залежнасці ад адлегласці. Эксперымент пройдзе ў рэжыме апрабацыі. У выпадку поспеху гэтую сістэму аплаты перанясуць і на маршруты сталічнага наземнага пасажырскага транспарту. Што датычыцца кошту праезду на гарадскіх маршрутах, то на працягу года ён падаражэе максімум на 10-12 працэнтаў, што адпавядае 5 тысячам рублёў.

Сёння беларусы аплачваюць палову ад рэальнага кошту праезду.

Калі ў Мінску талон каштуе чатыры з паловай тысячы рублёў, то за паездку на аўтобусе ў Берліне ў пераліку пасажыры аплачваюць амаль 50 тысяч рублёў, у Бруселі каля 33 тысяч, у Рызе і Вільнюсе амаль 16, у Варшаве - 14 тысяч, а ў Маскве - каля 10 тысяч рублёў.

А вось таксі ў Беларусі можа значна патаннець. На наш рынак прыходзіць кампанія "Убер" - стваральнік мабільнага дадатка для пошуку, выкліку і аплаты таксі. Заказчыкі змогуць зарэзерваваць машыну з вадзіцелем і адсочваць яе перамяшчэнне да патрэбнага пункта, аплата ажыццяўляецца з дапамогай прывязанай банкаўскай карты. Пры гэтым кошт паездкі значна ніжэйшы, чым у іншых перавозчыкаў.

Прадстаўнікі ж таксаматорных паркаў хаця і асцерагаюцца прыходу канкурэнта, але выказваюць сумненні, што тут гэтая кампанія надоўга затрымаецца.

Сёння толькі ў сталіцы працуе каля 15 таксаматорных паркаў. Сярэдні кошт праезду ў таксі за адзін кіламетр - каля 6 тысяч рублёў. Па словах жа перавозчыкаў, рэальны кошт - 11 тысяч. Хаця, як ехаць - на таксі, аўтобусе або ў метро, пасажыр вырашае сам. І пакуль перавага ідзе на карысць грамадскага транспарту.