Жодзінскі БелАЗ сёлета ўдвая павялічыў экспарт

30 ноября 2017

Буйныя кантракты і новыя мадэлі тэхнікі.

Жодзінскі БелАЗ сёлета ўдвая павялічыў экспарт. Падпісаны і новыя дагаворы на пастаўку прадукцыі за мяжу, у прыватнасці, паўсотня кар'ерных самазвалаў адправяцца ва Украіну. Як мадэрнізуюць прадпрыемства, і куды з Мінскай вобласці сёння едуць самыя вялікія ў свеце самазвалы? Аляксей Кандраценка з падрабязнасцямі.

Апошнія два гады для флагмана беларускага машынабудавання - пераломныя. БелАЗ не толькі замацаваўся ў тройцы сусветных лідараў вытворцаў кар'ернай тэхнікі, але і значна павялічыў аб'ёмы экспарту. А гэта дадатковы заробак і інвестыцыі ў сваё ж развіццё.

Развіццё завода - гэта і яго мадэрнізацыя. Зараз абнаўляюць фарбавальны цэх. У планах і новыя мадэлі тэхнікі. Напрыклад, самазвал грузападымальнасцю 560 тон, які можа стаць новым сусветным рэкардсменам. Праўда, пакуль ніводны вытворца пакрышак не можа яму адпавядаць. Ды і цяперашні гігант - 450-тоннік - яшчэ трэба абкатаць.

Самы вялікі ў свеце самазвал пакуль працуе ў адзіным экзэмпляры ў кар'ерах Кузбаса. Прычым паспяхова. БелАЗы - супергіганты нумар два і тры - на падыходзе. Імі зацікавіліся ў краінах Лацінскай Амерыкі.

За два гады 450-тоннік перавёз больш за 7 мільёнаў тон горнай масы ў Расіі. Такія вынікі ўразілі многіх прамыслоўцаў.

Толькі сёлета прадукцыя БелАЗа - а ў холдынгу сем прадпрыемстваў - пастаўлялася ў 28 краін свету. Геаграфія продажу, як і аб'ёмы, імкнуцца да больш круглых лічбаў. У гэтым не толькі заслуга маркетолагаў і кіраўніцтва кампаніі, але і жаданне адпавядаць узросту завода. У наступным годзе БелАЗу - 70.