Жыхар Маладзечна запусціў новую вытворчасць па вырошчванні шампіньёнаў

29 ноября 2018

Дзясяткі тон шампіньёнаў і летам, і зімой. Жыхар Маладзечна Вячаслаў Дзяруга год таму запусціў новую вытворчасць па вырошчванні шампіньёнаў. Свежыя грыбы пастаўляе ў магазіны, рэстараны і на рынкі па ўсёй краіне. Але першых паўгода бізнесмен вывучаў звычкі і хваробы грыбоў, наладжваў тэхналогію. А зараз гаспадар гатовы падвоіць свае вытворчыя плошчы.

Тут грыбы растуць лепш, чым у лесе - у тры рады і ў пяць ярусаў. Два тыдні таму ў гэту камеру заклалі 20 тон грыбнога міцэлію. Праз тыдзень на такіх своеасаблівых градках можна будзе збіраць першыя свежыя шампіньёны. Вырошчваць шампіньёны Вячаслаў Дзяруга марыў ледзь не са школы. Год таму ўдалося ажыццявіць ідэю, да працы падключыў і сына. Цяпер малады тэхнолаг Глеб Дзяруга кіруе вытворчасцю і нават ведае, як лячыць грыбныя хваробы.

Ураджай збіраюць тройчы на месяц. На спецыяльныя стэлажы закладваюць грыбніцу з торфам. У камерах вытрымліваюць вільготнасць - амаль 100 працэнтаў, тэмпература - 17 з плюсам. Дождж – абавязковая ўмова. Грыбы растуць хутка незалежна ад часу сутак. Збор шампіньёнаў – ювелірная праца, дзе неабходна далікатнасць і выдатная маторыка. Таму на зборы ўраджаю працуюць пераважна жанчыны. Датыкацца да грыбной шапачкі можна толькі аднойчы. Зараз на прадпрыемстве грыбы вырошчваюць на 750 квадратах. Максімальны ўраджай белых шапак – 40 тон. У найбліжэйшы час плануюць павялічыць плошчы грыбной паляны ўдвая.