Зялёная карта Беларусі - лепшая ў свеце

14 июня 2017

Інфармацыйны рэсурс са спісам важных экалагічных ініцыятыў - гэта сумесны праект Мінпрыроды і грамадскіх арганізацый нашай краіны ў саюзе з ААН - заняў першае месца ў адной з намінацый на конкурсе сусветнай сустрэчы па пытаннях інфармацыйнай супольнасці ў Жэневе.

Пра гэта стала вядома на адкрыцці ў Мінску нарады бакоў канвенцыі Эспа. Сёння больш за 200 дэлегатаў з 45 краін свету працягнуць абмеркаванні ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансмежным кантэксце - тут разгледзяць 15 важных дакументаў, у тым ліку і ў сферах зялёнай эканомікі, дасягненні мэт устойлівага развіцця і атамнай энергетыкі. Плануецца, што на пляцоўцы форуму таксама абмяркуюць прэтэнзіі літоўскага боку да Беларускай АЭС.

Ія Малкіна, першы намміністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі: "Магчыма, будуць змененыя падыходы альбо фармат гэтага дыялогу, але РБ працягвае быць упэўненая ў тым, што любая канфрантацыя можа быць завершаная толькі шляхам дыялогу. Таму мы працягваем заклікаць літоўскія ўлады выкарыстоўваць разнастайныя пляцоўкі, для таго каб гутарыць у пазітыўным плане, шукаць выйсці. Лозунгі не спрыяюць вырашэнню сітуацыі, яны толькі пагаршаюць".

Канвенцыя Эспа ратыфікаваная ў 45 краінах, дакумент абавязвае бакі апавяшчаць і кансультавацца адзін з адным пры планаванні буйных праектаў: АЭС, хімічных заводаў, буйных нафта- і газаправодаў, магутных ЦЭЦ. Беларусь яшчэ перад пачаткам будаўніцтва АЭС правяла ўсе неабходныя кансультацыі і накіравала дакументы іншым краінам, якія выказалі зацікаўленасць, напрыклад, у Аўстрыю. Нарады бакоў канвенцыі завершацца ў пятніцу, тады ж плануецца прыняцце мінскай дэкларацыі.