Наша рэспубліка ўвайшла ў катэгорыю краін, якія развіваюць зялёную энергетыку

3 июля 2018

За апошняе дзесяцігоддзе наша рэспубліка імкліва ўвайшла ў катэгорыю краін, якія актыўна развіваюць і зялёную энергетыку.

Аднаўляльныя крыніцы энергіі сонца, ветру і вады сёння ўжо складаюць канкурэнцыю традыцыйным спосабам атрымання электрычнасці.

Пры гэтым сучасныя ўстаноўкі акупляюцца ўсяго за некалькі гадоў.

А атрыманыя зялёныя кілаваты могуць забяспечыць электраэнергіяй цэлыя раёны Беларусі.

Альтэрнатыўная энергетыка сёння развіваецца ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Расказвае Юрый Карняловіч.

Нягледзячы на тое, што Беларусь не распешчаная сонцам, у Смаргонскім раёне вырашылі атрымаць максімальную карысць з гэтай крыніцы энергіі. Тут на плошчы 40 гектараў заклалі самую буйную ў краіне сонечную электрастанцыю. Інавацыйныя фотаэлементы здольныя выпрацоўваць электрычнасць нават у пахмурныя дні.

Сёння сонечная электрастанцыя ўжо працуе на поўную магутнасць. 75 тысяч светлавых панэляў здольныя забяспечыць электрычнасцю амаль палову горада Смаргоні. Развіццё альтэрнатыўнай энергетыкі, у тым ліку і з выкарыстаннем энергіі сонца, лічыцца адным з перспектыўных кірункаў у Гродзенскай вобласці.

Удалося беларусам падпарадкаваць і энергію ветру. У 2011 годзе недалёка ад Навагрудка з'явілася першая ў краіне ветраэнергетычная ўстаноўка. Гэта быў выпрабавальны крок у развіцці гэтага віду зялёнай энергетыкі. Час паказаў, што выбар зроблены правільна.

Ветраўстаноўкі - гэта не толькі спосаб атрымання таннай электраэнергіі, але яшчэ і перспектыўны бізнес. У Навагрудскім раёне амаль палова ветракоў належыць прыватным кампаніям.

Альтэрнатыўная энергетыка развіваецца ва ўсіх рэгіёнах краіны. У паўночным, напрыклад, стаўку зрабілі на гідраэлектрастанцыі.

На Заходняй Дзвіне ўжо працуюць Віцебская і Полацкая ГЭС. Аб перспектывах выкарыстання энергіі вады распавядзе мая калега Марына Раманоўская.

Ідэя будаўніцтва каскаду электрастанцый на Заходняй Дзвіне нарадзілася яшчэ ў савецкія часы. Але рэалізаваць амбіцыйны праект удалося праз дзесяцігоддзі ў незалежнай Беларусі. Узвядзенне ГЭС стала важным крокам да энергетычнай бяспекі нашай краіны.

Віцебская ГЭС - самая магутная ў Беларусі. Першую энергію з вады тут атрымалі яшчэ ў снежні 2016. У поўную сілу станцыя пачала працаваць мінулым летам. За год станцыя здольная выпрацоўваць больш за 130 мільёнаў кілават-гадзін. Гэтага хопіць, каб забяспечыць энергіяй, напрыклад, увесь Віцебскі раён.

Гідравузел уключае 4 турбіны агульнай магутнасцю 40 мегават. Трансфармацыя і перадача электраэнергіі ў сетку адбываецца праз падстанцыю, якая ўсталявана тут жа. Дзякуючы Віцебскай ГЭС энергасістэма краіны штогод зможа эканоміць больш за 40 тысяч тон умоўнага паліва.

На Віцебскай ГЭС усталявана ўльтрасучаснае абсталяванне, аналагаў якому, гавораць спецыялісты, у нашай краіне няма. Абслугоўваюць станцыю тры дзясяткі чалавек. Вопыт беларускія энергетыкі пераймалі ад калег з Паднябеснай.

Праект уключае таксама і будаўніцтва ГЭС у Бешанковіцкім раёне. Зараз ідзе пошук інвестара. Такім чынам, з'явіцца паўнавартасны каскад гідраэлектрастанцый. І тады энергія вады дасць максімальны эфект.