Завод горнага воску асвоіў выпуск медыцынскай нанапрадукцыі

14 декабря 2015

Новыя нішы і імпартазамяшчэнне. Парафін, тэхнічнае масла і нават медыцынскую нанапрадукцыю выпускаюць на заводзе горнага воску ў Пухавіцкім раёне. Летась асвоены выпуск вільгацеўстойлівых эмульсій для драўніны, а сёлета з'явілася першая партыя інавацыйных сурвэтак для хуткага зажыўлення ран.

Прадпрыемства не толькі павялічвае таварную лінейку, але і мадэрнізуе вытворчасць. Да канца месяца завод атрымае ўласную электрастанцыю, а праз год новыя сучасныя цэхі. Якім пасля мадэрнізацыі стане адно з самых буйных нафтахімічных прадпрыемстваў рэгіёна - высветліў Ян Пашкевіч.

Дыспетчарская вытворчага цэха - ледзь не адзінае месца на заводзе, дзе неабходны ўдзел чалавека. Ды і то мінімальны. Тэхнолаг Наталля Шынкарэнка са свайго камп'ютара кантралюе ўвесь працэс.

Самы запатрабаваны прадукт на заводзе - парафін. Інакш кажучы, воск для свечак. Атрымліваюць яго з пабочных прадуктаў перапрацоўкі нафты. Сыравіну заліваюць у вялікія тэрмацыстэрны і пад уздзеяннем тэмпературы з сумесі выдзяляецца масла.

Гэты канвеер - адзінае месца на прадпрыемстве, дзе можна ўбачыць сам парафін. Вадкі воск распыляюць на стужку і астуджваюць. Усяго за гадзіну па канвееры праходзіць да тоны гатовай прадукцыі.

Вытворчасць завода - безадходная. Атрыманая з парафіну вадкасць таксама трапляе на перапрацоўку. Пад дзеяннем моцнага ціску яе пераўтвараюць у змазку і машыннае масла. З мінулага года прадпрыемства яшчэ больш пашырыла лінейку прадукцыі. Сучаснае абсталяванне дазваляе выпускаць у месяц да 1000 тон вільгацеўстойлівай эмульсіі для драўніны.

У найбліжэйшы час завод ператворыцца ў сапраўдны невялікі горад – на прадпрыемстве запрацуе электрастанцыя, з’явяцца новыя вытворчыя цэхі і комплекс для гідраачысткі парафіну.

Сёння экспарт у суседнія краіны складае амаль 80 %. З новымі ж магутнасцямі пастаўкі вырастуць у некалькі разоў. Прадпрыемства зможа выпускаць толькі змазачных вадкасцяў і масла ў тры разы больш, чым зараз - да 30 тысяч тон за год. Апошні час тут актыўна асвойваюць і сферу нанамедыцыны дзеля замяшчэння імпарту. Першая партыя сурвэтак для хуткага зажыўлення ран праходзіць клінічныя выпрабаванні.