У Санкт-Пецярбургу завяршыўся VI Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі

18 июля 2019

У гэтыя дні ў яго рабоце прынялі ўдзел больш за тысячу чалавек, скарбонка дамоўленасцяў папоўнілася больш як 80 пагадненнямі, абмеркаваныя дзясяткі інтэграцыйных пытанняў. Так, на палях форуму прайшлі перамовы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін выпрацавалі новыя ініцыятывы для паглыблення інтэграцыі паміж дзяржавамі. Беларускі лідар прапанаваў зняць усе тэхнічныя пытанні і супярэчнасці ў двухбаковых адносінах да 20-гадовага юбілею саюзнага дагавора. Гэта значыць да снежня гэтага года. Пазіцыя Аляксандра Лукашэнкі: зацягваць з рашэннямі недапушчальна, бо канкрэтыкі ад прэзідэнтаў і ўрадаў чакаюць народы дзвюх краін. Прапанова беларускага лідара прагучала ў прысутнасці ключавых міністраў абодвух урадаў, якія ўваходзяць у міжурадавую групу па актуалізацыі дагавора. Затым гэтыя планы былі абвешчаныя і на пленарным пасяджэнні форуму. Да гэтай сустрэчы ключавыя пазіцыі былі ўзгодненыя на 80-90 %, пры гэтым усе рашэнні, якія патрабаваліся з найвышэйшага прэзідэнцкага ўзроўню, ужо прынятыя.

Важнасць пагадненняў у рамках форуму неаднаразова падкрэслівалі і расійскія саюзнікі. Беларусь з'яўляецца чацвёртым гандлёва-эканамічным партнёрам Расіі, саступаючы толькі Кітаю, Германіі і Нідэрландам, а таму зацягванне з канкрэтыкай істотна шкодзіць і расійскім эканамічным інтарэсам. Сімвалічную і прагматычную важнасць юбілею інтэграцыі падкрэсліў і Уладзімір Пуцін. Форум рэгіёнаў - асноўная пляцоўка перамоў для дзелавых колаў дзвюх краін. У спісе нашых галоўных эканамічных партнёраў 80 рэгіёнаў Расіі. У лідарах - Масква, Маскоўская вобласць, Піцер, Смаленск і Цюмень. Кожнае другое беларускае прадпрыемства мае сувязі з расійскімі кампаніямі. На долю Расіі прыпадае палова нашага экспарту. Народы дзвюх краін злучаюць і агульная гісторыя, трывалыя культурныя і духоўныя сувязі.

Канчатковыя вынікі форуму падвядуць пазней. Папярэдне, усяго за некалькі дзён у саюзнай скарбонцы звыш 80 дамоўленасцяў. Рэгіёны Беларусі і Расіі будуць больш цесна супрацоўнічаць у гандлёва-эканамічнай, навуковай і культурнай сферах. Паглыбім адносіны з Саратаўскай і Смаленскай абласцямі Расіі, з Інгушэціяй. Беларусь гатовая нарасціць экспарт паслуг і будматэрыялаў у Ленінградскую вобласць. Сумесныя праекты чакаюцца паміж нашым БелАЗам і Санкт-Пецярбургскім горным універсітэтам. Усе намеры сёння змацавалі подпісамі.

У наступным годзе Форум рэгіёнаў прыме наша краіна. Спікер верхняй палаты беларускага парламента прапанаваў прысвяціць яго інвестыцыйнаму супрацоўніцтву дзвюх дзяржаў. Міхаіл Мясніковіч растлумачыў свой выбар неабходнасцю пашыраць прамысловую кааперацыю Саюзнай дзяржавы, ствараць сумесныя беларуска-расійскія кластары. Асаблівую ўзаемную цікавасць выклікаюць нафтахімія, фармацэўтыка, ільняная галіна.