Завяршыўся афіцыйны візіт у Беларусь прэзідэнта Таджыкістана

26 мая 2014

За два дні ў нашай краіне ў высокага госця прайшлі перамовы з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Гутарку пра шматмільённыя кантракты Эмамалі Рахмон вёў і падчас наведвання прадпрыемстваў у свабоднай эканамічнай зоне Мінск.


Падрабязнасці - у Ілоны Красуцкай.


Перамовы Беларусі і Таджыкістана на ўзроўні прэзідэнтаў адбыліся ў суботу. Кіраўнікі дзяржаў вызначылі: супрацоўніцтва ў галіне прамысловай кааперацыі, транспарту і АПК патрабуе значнай актывізацыі. Амбіцыйныя планы знайшлі адлюстраванне не толькі ў пакеце двухбаковых дакументаў, але і адразу ж на практыцы. У другі дзень свайго візіту Эмамалі Рахмон правёў прадметныя перамовы на прадпрыемствах, размешчаных у СЭЗ Мінск.


Цікавасць Таджыкістана - стварэнне з Беларуссю сумеснага прадпрыемства па перапрацоўцы і вырабе алюмініевых канструкцый. Такую заяву Эмамалі Рахмон зрабіў пасля наведвання кампаніі, якая спецыялізуецца на вытворчасці алюмініевых і ролетных сістэм. СП размесціцца на тэрыторыі Таджыкістана. А вось за беларускім бокам - пастаўкі сыравіны і выраб канструкцый. Экспартная прадукцыя разлічаная для рынкаў Афганістана, Пакістана і Індыі.


Уладзімір Рыбакоў, намеснік генеральнага дырэктара па маркетынгу групы кампаній па вытворчасці алюмініевых профільных і ролетных сістэм: Найшырэйшы спектр ужывання, пачынаючы ад аўтамабілебудавання, нейкіх элементаў, сканчаючы жыллёвым і грамадзянскім будаўніцтвам, прамысловым будаўніцтвам. Вось вазьміце Мінск: аквапарк, Чыжоўка-Арэна. Шэраг аб'ектаў пабудаваны ўжо на гэтых сістэмах айчыннага вытворцы. І прэзідэнта гэта зацікавіла, мы рады.


Акрамя абмеркавання шматмільённых кантрактаў, у графіку кіраўніка Таджыкістана быў час і для культурнага праменаду. З вялікім здзіўленнем турысты - госці чэмпіянату свету па хакеі разглядалі высокапастаўленага госця ў Нясвіжскім замку. Прыём не саступаў канонам Радзівілаў, якія заўсёды сардэчна сустракалі гасцей. Экскурсія па замку, дэманстрацыя самых дарагіх экспанатаў і тэатральныя пастаноўкі.


Наталля Жарко, намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея - запаведніка Нясвіж: Нясвіжскі замак па-ранейшаму з'яўляецца аб'ектам №1 у рангу музейных аб'ектаў. І ўжо з пачатку года яго наведалі больш за 100 000 чалавек. Май у нас заўсёды месяц-пік. І тым больш столькі гасцей ЧС. З пачатку мая больш як 40 000 наведала гэты замак.


Памяць аб сустрэчы - запіс у кнізе ганаровых гасцей. Гэта яшчэ і свайго роду абяцанне развіваць культурныя сувязі абедзвюх краін. Такі ж подпіс падчас свайго цяперашняга візіту ў Беларусь Эмамалі Рахмон паставіў пад пакетам дакументаў аб культурным супрацоўніцтве.