Закон аб самарэгулявальных арганізацыях дазволіць наладзіць даверныя адносіны бізнесу і ўлады

22 марта 2019

Такое меркаванне выказалі  парламентарыі і прадстаўнікі бізнес-арганізацый  на палях Рэспубліканскага дзелавога форуму  падчас Тыдня беларускага прадпрымальніцтва. Такія некамерцыйныя профільныя арганізацыі, як правіла,  выступаюць пасрэднікам паміж паўнамоцным органам улады і бізнесам. У выпадку прыняцця такога закону  дзяржорганы  змогуць перадаць ім частку сваіх паўнамоцтваў. Асноўная ідэя - перакласці кантрольныя і наглядныя функцыі  з дзяржавы на саміх удзельнікаў рынку. 

Уладзімір Карагін, старшыня Вышэйшага кардынацыйнага савета Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва: "Дапусцім, у Расіі няма Міністэрства будаўніцтва. Ёсць два саюзы будаўнікоў. Яны самі ўводзяць для сябе нормы і этычны кодэкс. Вельмі важна, каб яны не ператварыліся ў нейкія лабісцкія арганізацыі. Сёння вельмі складана трапіць на будаўнічы рынак Расіі, абыходзячы гэтыя саюзы. Як бы фільтры ўзніклі. Таму мы вывучаем, дзе ёсць перакосы. Гэта дазволіць скараціць міністэрствы і ведамствы". 

У Беларусі дакумент пакуль у праекце. Распрацоўшыкі разлічваюць, што такі крок дазволіць знізіць бюджэтныя выдаткі. Укараненне інстытута самарэгулявальных арганізацый прадугледжвае адмену ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці.