Задачы, якія стаяць перад сельскай гаспадаркай Беларусі, назваў міністр Леанід Заяц

15 февраля 2019

Знізіць выдаткі і сабекошт прадукцыі, а таксама трывала замацавацца на замежных рынках - такія задачы сёння стаяць і перад сельскай гаспадаркай Беларусі. Іх назваў профільны міністр Леанід Заяц на ўрачыстасцях, прымеркаваных да 100-годдзя аграрнага ведамства. З круглай датай работнікаў галіны павіншаваў Аляксандр Лукашэнка. Лепшыя атрымалі падзякі Прэзідэнта, юбілейныя медалі, сертыфікаты і легкавыя аўтамабілі "джылі". У Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання з гэтага часу свае эмблема і флаг. Адпаведны ўказ напярэдадні падпісаў Кіраўнік дзяржавы. Пра тое, чым сёння жывуць аграрыі краіны, рэпартаж Веранікі Буты.

Свята святам, але праца аграрыяў не спыняецца ні на хвіліну. А таму сёння (нават нягледзячы на ўсю ўрачыстасць сустрэчы) размова толькі аб адным - дзеляцца вопытам, вынікамі, ставяць новыя задачы перад сваімі гаспадаркамі. А ў Палацы Рэспублікі сабраліся тыя, каму сапраўды ёсць што распавесці і паказаць. Скажам, СВК "50 гадоў Кастрычніка" штодня прадае 93 тоны малака толькі вышэйшага гатунку, зарплату па годзе атрымалі 1100 рублёў, але і гэта не мяжа. Таму ў галаве старшыні ўжо наспявае план, як выйсці ў лідары.

Хоць ужо зараз вынікі ў наяўнасці, гаворыць Рыгор Купрыянавіч. У яго сапраўды ёсць з чым параўнаць. Узначаліў гаспадарку яшчэ юнаком 50 гадоў таму і дагэтуль яе нязменны лідар. Прыняўшы слабенькі калгас, ператварыў яго ў адзін з паспяховых у краіне. У канцы 60-х, успамінае, ураджайнасць палёў ледзь даходзіла да 6 цэнтнераў з гектара, сёння - 50-60. Малака атрымлівалі ў лепшы час 1000 тон, зараз каля 8.

Сёння ў Палацы Рэспублікі аграрыям краіны дзякавалі за іх цяжкую працу. Лепшым, тым, хто адданы працы дзесяцігоддзямі, - сертыфікаты на 500 тысяч рублёў, легкавыя аўтамабілі "джылі". У сельскай гаспадарцы краіны працуюць каля 300 тысяч чалавек. Яны сёння і ёсць - тая новая мадэль галіны, якую стваралі на працягу стагоддзя. Віцэ-прэм'ер, які курыруе сельскую гаспадарку ўжо не першы год, успамінае, як няпроста часам укараняюцца новыя ідэі, якія сёння ўжо must-have. Пачатак 2000-х. Нарада на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу - у гаспадарках павінны стаяць даільныя комплексы.

У тэхнічнае пераабсталяванне галіны за гэты час укладзены вялікія грошы. Як вынік, сёння мы ў пяцёрцы ключавых краін - экспарцёраў малочных прадуктаў.

Сёння патрэбнасць беларусаў у прадуктах харчавання закрыта на 90 %. Малочнай прадукцыяй і зусім сябе забяспечваем на 235 %. На 1 беларуса атрымліваем 127 кілаграмаў мяса і каля 400 яек. Накарміўшы ўдосталь сваю краіну, дзелімся і з іншымі. Без малога ў 100 краінах свету купляюць беларускія прадукты харчавання. З новых партнёраў Кітай, летась туды прадалі на 82 мільёны долараў. А неўзабаве нашы малако і мяса трапяць на прылаўкі магазінаў арабскіх краін. 9 беларускіх прадпрыемстваў напярэдадні атрымалі сертыфікаты "Халяль" і прызнанне вышэйшай якасці сваёй прадукцыі.

І ўсё ж пакуль асноўны пакупнік тавараў "Зроблена ў Беларусі" - наша суседка Расія. Нават нягледзячы на нелады, што час ад часу ўзнікаюць паміж профільнымі ведамствамі Беларусі і Расіі. Напрыклад, па абмежаванні паставак сельгаспрадукцыі. На тыдні бакі падпісалі дарожную карту, якая дапаможа зняць гэта пытанне з парадку дня на гэты год.

Якасці - прыярытэтная ўвага. Так, на пляцоўцы ЕЭК на гэтым тыдні дамовіліся, што тавары з заменнікам малочнага тлушчу з 1 ліпеня павінны стаяць на асобным прылаўку і мець спецыяльную маркіроўку. Сёння сельская гаспадарка здольна прапанаваць прадукцыю на любы густ спажыўца.