Задача па экспарце харчавання сёлета будзе выкананая

2 июня 2015

Пра гэта заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання на адкрыцці міжнароднай выставы "Белагра". Нагадаем, што Кіраўніком дзяржавы была пастаўленая задача забяспечыць прыток валюты ў гэтай сферы аб'ёмам не меней за сем мільярдаў долараў да канца года. Па выніках працы аграпрамысловага комплексу за студзень-красавік гэтага года краіна вырабіла на 30 тон мяса і 150 000 літраў малака больш, чым летась. Падчас абвяшчэння асноўных вынікаў працы галіны за 2014 год Леанід Заяц падкрэсліў, што забяспечаны дынамічны рост амаль па ўсіх паказчыках. Беларускія аграрыі ўпершыню пераадолелі дзесяцімільённую мяжу па намалоце хлеба, а таксама зарэгістраваны рэкорд 38 цэнтнераў збожжа з аднаго гектара.

Праца выставы "Белагра" падоўжыцца да 6 чэрвеня. У гэтыя дні пройдуць яшчэ два міжнародныя форумы "Белферма-2015" і "Белпрадукт-2015". Сярод удзельнікаў выставы кампаніі больш як з 20 краін свету. На адкрытай пляцоўцы і ў самім Футбольным манежы ўдзельнікі прапануюць навінкі сельгастэхнікі і апошнія дасягненні ў галіне жывёлагадоўлі.