Гарантаванне харчовай бяспекі краіны - адказная задача для ўсіх гаспадарак. АПК сёлета атрымаў беспрэцэдэнтную падтрымку дзяржавы. Пра гэта гаварыў прэм'ер Раман Галоўчанка на нарадзе ў Светлагорску. Фінансаванне ў 2022 павялічылася на 10 %. Гэта прытым, што і ўсе апошнія гады выдаткі на сяло павялічваліся. У гаспадарак ёсць запасы паліва, угнаенне, насенне і тэхніка. Галоўная ўстаноўка - не дапусціць зніжэння паказчыкаў па вытворчасці збожжа, мяса і малака. Сельгаспрадпрыемствы павінны дабіцца і максімальнай выручкі сёлета - сітуацыя на знешніх рынках складваецца спрыяльная. Восенню ўраджаю чакаюць не менш за 9 мільёнаў тон. Забяспечым усімі прадуктамі беларусаў, а лішкі паставім на экспарт.
Актуальным застаецца пытанне фарміравання цэн і забеспячэння беларусаў свежай агароднінай і зелянінай круглы год. Як адзначыў Раман Галоўчанка, гэта тэма неаднаразова ўзнімалася на розных узроўнях і застаецца на кантролі ўрада. Першарадная задача - забяспечыць людзей прадуктамі па даступных цэнах. Зараз абмяркоўваюцца пытанні па тэхналогіі апрацоўкі агародніны і рэнтабельнасці яе вырошчвання ў цяпліцах.













