Задача АПК - стварэнне прадуктаў з высокай дададзенай вартасцю

7 апреля 2018

На развіццё новага кірунку ў сельскай гаспадарцы накіраваны і закон "Аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі". Беларускія парламентарыі плануюць яго прыняць ужо ўвосень. Адна з умоў - адмова ад выкарыстання ГМА і хімічных угнаенняў. Аднак мэты перавесці ўсе землі пад арганічную вытворчасць няма. Задача - стварэнне прадуктаў з высокай дададзенай вартасцю. Гэта адкрые і новыя магчымасці для гандлю з іншымі дзяржавамі. Аб'ём сусветнага арганічнага рынку сёння складае 80 мільярдаў еўра. Адзначаецца і штогадовы рост на 10-15 працэнтаў. Што неабходна беларускім фермерам, каб працаваць без допінгу? Даведвалася Ксенія Лебедзева.

Юрый Бакуменка хацеў не проста прадаваць мяса труса, але і выгадоўваць яго максімальна экалагічна. Таму кормы ў яго гаспадарцы рыхтуюць самі з беларускага збожжа. Плюс робяць жывёлам стандартныя прышчэпкі. Гаворыць, што і рады правесці сертыфікацыю, але еўрапейскі знак якасці - нятанны. А нацыянальнага пакуль няма. Таму пакупніку прыходзіцца верыць на слова.

Юрый Бакуменка, кіраўнік фермерскай гаспадаркі: "Як толькі адкрываецца гіпермаркет, мы адразу з імі складаем дамову. І больш ініцыятыва зыходзіць ад іх, а не ад нас. І сёння ў нас попыт перавышае прапанову ў некалькі разоў".

Пытанне сертыфікацыі актуальнае не для аднаго дзясятка беларускіх фермераў. Рашэннем яго стане законапраект аб арганічнай прадукцыі. У першым чытанні на тыдні яго прынялі дэпутаты. І, паводле слоў старшыні камісіі, адразу пачалі рыхтаваць да другога. Каб увосень прыняць дакумент. І прадукцыя без допінгу атрымала б нацыянальны знак якасці.

Яўген Адаменка, старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "Няма ў нас пакуль арганізацый, якія даюць сертыфікат. Нашы вытворцы пакуль атрымліваюць на Украіне або ў Прыбалтыцы. Прыняцце законапраекта дасць штуршок развіццю арганічнай вытворчасці ў Рэспубліцы Беларусь. І фермерам, і малым прадпрыемствам, і буйным сельгасвытворцам".

Парламентарый удакладніў, што пераход да арганічнага земляробства - справа не хуткая. Для ачысткі глебы і мадэрнізацыі вытворчасці спатрэбіцца пераходны перыяд не меней за тры гады. У выніку атрымаем якасныя і арыгінальныя прадукты. Пра гэта гаварыў і Прэзідэнт на рэспубліканскім семінары - нарадзе па развіцці сяла і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны.

Сусветны лідар у колькасці арганічных земляў - Аўстралія, каля 30 мільёнаў гектараў, далёка ззаду на другім месцы - Аргенціна, больш за тры мільёны, і крыху меней у Кітая.

У Беларусі пакуль 20 гаспадарак і паўтары тысячы гектараў сертыфікаваных арганічных земляў - гэта ўсяго 0,03 % ад пяці мільёнаў гектараў усіх сельгасугоддзяў . Таму для развіцця патэнцыял вялікі.

Сярод іншага вопыт Украіны. Сёння яна ў дваццатцы сусветных лідараў па плошчы арганічных сельскагаспадарчых земляў, пастаўшчык арганічнага проса № 1 у ЕС. Ёсць попыт на гарчыцу, лён, гарбуз, бярозавік, а таксама лясныя ягады і грыбы.

Любамір Кляпач, спецыяліст па арганічнай сельскай гаспадарцы Цэнтра экалагічных рашэнняў: "Хацеў бы адразу раскрыць міф, што поспех Украіны ў арганічнай сельскай гаспадарцы залежыць ад якасці зямлі, ад яе ўрадлівасці. Ва ўсім свеце прасочваецца тэндэнцыя, што на арганічную сельскую гаспадарку пераходзяць на землях меней урадлівых у сваёй жа краіне. Яны знаходзяць такую нішу, дзе яны не канкурыруюць з буйнымі гаспадаркамі з добрымі землямі. Арганічная сельская гаспадарка развіваецца ў Аўстраліі, Новай Зеландыі, у Фінляндыі, у Швецыі, у Нарвегіі і ў Канадзе. Гэта значыць тут пытанне падыходу і жаданні гэтым займацца".

Традыцыйны сельгаставар прадаць ужо няпроста - яго шмат. У дэфіцыце - экалагічны. На думку эксперта, менавіта тут гандлёвы патэнцыял. У тым ліку і Беларусі.

Любамір Кляпач, спецыяліст па арганічнай сельскай гаспадарцы Цэнтра экалагічных рашэнняў: "Больш за палову прадукцыі экспартуецца ў ЕС, ЗША, зараз расце рынак экспарту з Украіны ў Канаду, Японію. Пры гэтым каля 40 % - гэта ўнутраны рынак, пры тым усім, што зараз ва Украіне ўзровень жыцця падае".

Больш за ўсё арганічнай прадукцыі ядуць жыхары Швейцарыі. Сярэдняя сума ў разліку на аднаго чалавека каля 220 еўра на год, у Даніі - 162, у Люксембургу -164.

Гэта гарадскія жыхары 25-40 гадоў з высокай пакупніцкай здольнасцю і сацыяльнай адказнасцю. Часцей маладыя сем'і з дзецьмі, якія свядома выбіраюць здаровы лад жыцця і лепшыя прадукты харчавання.

Гэтая фермерская гаспадарка адна з першых у Беларусі пацвердзіла экалагічнасць зямлі і сельгаспрадукцыі еўрапейскім сертыфікатам якасці. Дакумент дазваляе пашырыць рынкі збыту і прадаваць садавіннаагароднінную прадукцыю, якую вырасцілі без хіміі, у Еўрасаюз і ЗША. У цэнах значна вышэйшая за тую, што вырошчвалася традыцыйным спосабам.

Ігар Хвашчэўскі займаецца арганічнай вытворчасцю сем гадоў. Пачаў з асабістай дапаможнай гаспадаркі. Не для продажу, а для сваіх дзяцей - яны алергікі. З гэтай жа прычыны прыйшлося пераехаць са сталіцы ў маленькую вёску пад Смаргонню. Калі з'явіліся лішкі, вырашылі прадаваць. Зараз на 24 гектарах вычышчанай зямлі ў сезон вырошчваюць парэчкі і гародніну. Нягледзячы на ўсе неабходныя дакументы, на экспарт пакуль выйсці не могуць.

Ігар Хвашчэўскі, кіраўнік фермерскай гаспадаркі: "Калі пачынаем гаварыць пра нашы аб'ёмы, мы пакуль нецікавыя. У гэтым выпадку мы бачым у Беларусі фермерскія гаспадаркі, асабістыя дапаможныя гаспадаркі, якія сертыфікавалі, яны вырошчваюць невялікі аб'ём прадукцыі. Але калі гэта зрабіць нейкага роду кааператыў, то можна аб'ядноўваць і агульнымі высілкамі выводзіць гэтую прадукцыю. Пакуль мы ў пачатку шляху".

Нядаўна фермеры ўзялі яшчэ 20 гектараў. Каб аднавіць урадлівы пласт зямлі на 30 сантыметраў за 3 гады, хочуць выпрабаваць аўстралійскую тэхналогію.

Ігар Хвашчэўскі, кіраўнік фермерскай гаспадаркі: "Калі пералічыць на будучыя пакаленні, то гэтыя выдаткі несувымерныя. Таму што ў прыродзе ўрадлівы пласт, гумусны пласт можна нарасціць добра калі сантыметр за 3-4 гады".

Сельская гаспадарка ў любым выглядзе павінна працаваць па прынцыпах бізнесу - зарабляць. Але неабходны штуршок. На пачатковым этапе дапамагаюць датацыі і льготныя крэдыты, якія дазваляюць пераўзброіцца. Купіць абсталяванне, каб механічна змагацца з пустазеллем, ужываць біялагічныя сродкі абароны. Вынік: рост ураджайнасці, паніжэнне выдаткаў. Аднаўленне і павышэнне ўрадлівасці зямлі і новыя рынкі збыту.