За мінулы год беларусы расходавалі ў Інтэрнэце 420 мільёнаў долараў

2 июня 2014

Па магазінах не выходзячы з дому. За мінулы год беларусы расходавалі ў Інтэрнэце чатырыста дваццаць мільёнаў долараў. Віртуальныя магазіны павялічваюць папулярнасць, але пакуль не канкуруюць з рэальнымі. Агульная доля інтэрнэт-пакупак у рознічным тавараабароце краіны складае ўсяго 1,5%. Але эксперты сцвярджаюць, што і такі паказчык мае важкае значэнне для яшчэ зусім маладога беларускага электроннага рынку.


Падрабязнасці ў Веранікі Рымашэўскай. Выгада і нізкія цэны - часцей за ўсё менавіта гэтыя перавагі анлайн-магазінаў прыцягваюць пакупнікоў. Больш за палову беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў знаёмыя з віртуальным шопінгам.


Амаль пяць мільёнаў пакупак здзейснілі беларусы летась у Інтэрнэце. Сума сярэдняга чэка - 91 долар. І каля 300 долараў за апошнія паўгода патраціў у сярэднім пакупнік.


Яўгенія Чарняўская, эксперт беларускага рынку e-commerce: Найболей папулярнымі ўсё ж застаюцца тавары з катэгорыі электроніка, бытавая тэхніка, мабільныя тэлефоны. За апошнія некалькі гадоў вырас попыт на тавары з сегмента фэшн-адзенне, аксесуары, іншыя рэчы. І вельмі добра купляюць тавары для дзяцей.


У адрозненне ад краін-суседак, значная доля пакупнікоў набывае ў Інтэрнэце білеты на канцэрт, у кіно і тэатр. Паслугамі беларускіх анлайн-магазінаў карыстаюцца і за мяжой. Прычым не толькі ў памежных краінах, але і ў Еўропе, ЗША і Канадзе. Купляюць айчынную касметыку, мэблю і вопратку. Акрамя гэтага, расплачваюцца ў Інтэрнэце за авіябілеты і дастаўку кветак па Беларусі. За 4 месяцы сёлета іншаземцы расходавалі на беларускім электронным рынку больш за тры мільёны долараў.


Маштабнае даследаванне анлайн-гандлю ў краіне праводзілася ўпершыню. Ацаніць беларускі інтэрнэт-рынак плануюць яшчэ раз гэтай восенню. Пасля чаго эксперты змогуць прааналізаваць дынаміку развіцця электроннай камерцыі ў Беларусі.