За прэмію якасці пазмагаюцца 25 прадпрыемстваў

15 октября 2013
25 арганізацый, якія прадстаўляюць розныя галіны эканомікі, пазмагаюцца за званне лаўрэата ўрадавай прэміі якасці. Сёлета конкурс будзе праводзіцца па новай мадэлі, заснаванай на сусветных тэндэнцыях і гарманізаванай з аналагічнымі прэміямі СНД і Еўропы.


Расказвае Наталля Кузьміцкая.

Маштабы міжнароднага гандлю, якія пашыраюцца, узмацненне канкурэнтнай барацьбы за рынкі збыту, запыты спажыўцоў выводзяць пытанні якасці на адно з першых месцаў. Таму асноўныя задачы любой дзяржавы - стымуляванне вытворчасці высакаякаснай і канкурэнтаздольнай прадукцыі. Уручэнне своеасаблівых прэмій - адзін з метадаў дасягнення гэтай мэты.

Віктар Назаранка, старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Беларусі: Ідэя самога конкурсу - ацаніць дасканаласць арганізацый па розных кірунках. Калі браць крытэрыі, што ацэньваюць магчымасці арганізацыі, то яны ўлічваюць усё: і лідарства, і персанал, і партнёрства, і рэсурсы, як яны выбудаваныя ў арганізацыі і якім чынам пабудаваная ўнутраная сістэма дзейнасці арганізацыі, і стратэгію.

Будаўнічыя паслугі, харчовыя тавары, прадукцыя вытворча-тэхнічнага прызначэння - сёлета 25 прадпрыемстваў паспаборнічаюць за званне лаўрэата ўрадавай прэміі ў галіне якасці. З матэрыяльнага пункту погляду яна нічога не дае. Гэта не грашовая прэмія, а своеасаблівы брэнд, знак адрознення прадпрыемства. Адзначаная дзейнасць на радзіме - вялікі плюс у працы экспартаарыентаваных кампаній.

Міхаіл Харашкевіч, генеральны дырэктар кампаніі па вытворчасці хімічных сродкаў абароны раслін: У асноўным усе прэпараты, якія пастаўляюцца, былі імпартныя, больш за палову рынку зараз займаюць айчынныя прэпараты.

Сёння якасць беларускай прадукцыі і паслуг - паказчык стратэгічны, шмат у чым дзякуючы яму айчынныя прадпрыемствы выйграюць міжнародныя тэндары і ўдзельнічаюць у праектах дзяржаўнай значнасці.

Віталь Бандарык, генеральны дырэктар будаўнічай кампаніі: Вялікае дасягненне - за кароткі перыяд часу мы пабудавалі чатыры заводы на тэрыторыі Венесуэлы. Літаральна ў мінулым месяцы мы былі кваліфікаваныя ў Саудаўскай Аравіі, мы накіраваныя на будаўніцтва на першым этапе сацыяльных аб'ектаў.

Суіскальнікаў высокай урадавай узнагароды аб'явяць напрыканцы года. Разам са званнем самага якаснага лаўрэат атрымлівае права наносіць на свой тавар эмблему прэміі на працягу пяці гадоў. Гэты фактар з'яўляецца важным інструментам у маркетынгавай дзейнасці прадпрыемства і дае магчымасць умацаваць сваю канкурэнтаздольнасць і экспартны патэнцыял.


Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя