Сёлета за чатыры месяцы Беларусь павялічыла экспартныя пастаўкі ў ЕС амаль на 70 %

10 июля 2018

Асвойваем еўрапейскі вектар. Размова аб пастаўках хімічных валокнаў, мэблі і некаторых відаў тэхнікі. Для нашай краіны Еўрасаюз - другі па значнасці гандлёвы партнёр. Толькі сёлета за чатыры месяцы Беларусь павялічыла экспартныя пастаўкі ў ЕС амаль на 70 %.

Валерый Садоха, дырэктар Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры цэн МЗС Беларусі:

"Амаль ва ўсіх краінах ЕС ёсць беларускія гандлёвыя службы, перад якімі ставіцца задача максімальна спрыяць прасоўванню тавараў на рынак. Яны здольныя і робяць гэтую працу, праводзяць сустрэчы, удзельнічаюць у выставах і канферэнцыях. І гэта вельмі важны і патрэбны напрамак".

Надзейнасць і прафесіяналізм Беларусь дэманструе і ў арганізацыі маштабных міжнародных мерапрыемстваў. Праз год наша краіна прыме найбуйнейшы спартыўны форум - II Еўрапейскія гульні. Удзел у іх возьмуць больш за 4 тысячы спартсменаў з 50 краін свету.

Георгій Катулін, генеральны сакратар НАК Беларусі, дырэктар фонду "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года":

"Заўсёды, калі рыхтуюцца каманды нацыянальных алімпійскіх камітэтаў, гэта выклікае сур'ёзныя пытанні і заклапочанасць. Калі яны прыязджаюць за год да Гульняў на аналагічны семінар шэфаў місій, што праходзіць зараз у Мінску, і бачаць, што аб'екты яшчэ ў стадыі будаўніцтва, гэта шакіруе. У нас іншая канцэпцыя Гульняў, мы выкарыстоўваем аб'екты, якія ўжо знаходзяцца ў эксплуатацыі, служаць спартсменам, аматарам і прымаюць кожны год шматлікія міжнародныя спаборніцтвы. Гэта дазволіць нам пазбегнуць дадатковых трат у бюджэце Гульняў і гарантаваць, што спаборніцтвы пройдуць на высокім прафесійным узроўні".