Трывалыя палітычныя кантакты і больш чым 20-гадовыя дыпламатычныя адносіны ў апошнія гады актыўна падмацоўваюцца эканамічнымі сувязямі. І гэта не проста сустрэчы дзелавых колаў абедзвюх краін, гэта новыя дамоўленасці, сумесныя вытворчасці і новыя кантракты на пастаўку беларускай тэхнікі на сербскі рынак. Так, за апошнія 5 гадоў Беларусь і Сербія ў пяць разоў павялічылі двухбаковы тавараабарот. Аб гісторыі ўзаемаадносін і прыярытэтах сумеснага супрацоўніцтва - наш карэспандэнт Святлана Лук'янюк.
Паўтары тысячы кіламетраў - адлегласць паміж Мінскам і Белградам. Гэта суткі ў дарозе на машыне альбо менш за дзве гадзіны на самалёце. Прамыя авіязносіны тут лепшая запамога для бізнесу. Зялёнае святло ім даюць сустрэчы, перамовы і падпісаныя дамоўленасці на вышэйшым і высокім узроўнях. Дыпламатычныя кантакты краіны ўстанавілі яшчэ ў 1994-м, тады з Югаславіяй. Ужо праз два гады адкрыліся пасольствы ў кожнай з краін.
Адносіны ў рамках дзвюх, яшчэ калі Сербія была ў складзе Югаславіі, ды і пасля выстройваліся нераўнамерна. У 1998-м Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка з афіцыйным візітам упершыню накіраваўся ў Белград.
Праз год - у 1999-м - беларускі Прэзідэнт ізноў у горадзе пасля бамбёжак НАТА. Тады гэта была падтрымка ў цяжкі момант блізкага нам народа. Палітычныя кантакты да 2009 года ў вялікія эканамічныя праекты не выліваліся.
Новы этап наступіў у сакавіку 2009 года, калі Аляксандр Лукашэнка на сербскім гарналыжным курорце Капаоніке прыняў удзел у эканамічным форуме, дзе сустрэўся з прэм'ер-міністрам Сербіі.
А яшчэ праз пару тыдняў Мінск наведала вялікая дэлегацыя сербскіх дзелавых колаў на чале з міністрам эканомікі і рэгіянальнага развіцця Сербіі. Тады падпісалі пагадненне аб свабодным гандлі, гаварылі аб стварэнні сумесных вытворчасцяў па зборцы беларускіх трактароў, аўтобусаў, аўтамабіляў і іншай тэхнікі. Беларускі лідар сустрэўся таксама з прадстаўнікамі сербскіх дзелавых колаў. І эканамічнае ўзаемадзеянне стала паступова пашырацца.
У 2013 годзе Беларусь з афіцыйным візітам наведаў прэзідэнт Сербіі Томіслаў Нікаліч. Лідары дзвюх краін тады абмеркавалі ўвесь спектр двухбаковых адносін у гандлі, навукова-тэхнічнай і гуманітарнай сферах, узаемадзеянне на міжнароднай арэне.
Тады ж, у 2013 годзе, стартавала супрацоўніцтва дзвюх краін па шэрагу праектаў. Урачыста заклалі капсулу на месцы будаўніцтва "Маяка Мінска". Яго ўзвядзенне працягваецца і сёння. Сербская дэлегацыя сустракалася з дзелавымі коламі Беларусі, наведвала нашы знакавыя прадпрыемствы. Сярод іх быў і МАЗ. Высокаму госцю паказалі ўсю тэхніку прадпрыемства.
Праз год - у 2014-м - перамовы па лініі Мінск - Белград працягнутыя ўжо ў Сербіі. Падчас афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі падпісаны пакет дакументаў аб пашырэнні супрацоўніцтва ў розных сферах. Краіны агучылі і жаданую лічбу ў тавараабароце - паўмільярда долараў. І паступова рухаюцца да яе.
За апошнія 5 гадоў тавараабарот павялічылі амаль у пяць разоў. Калі ў 2009-м ён ледзь перавышаў 50 мільёнаў, то ў 2014-м дасягнуў амаль 250 мільёнаў долараў. Сербія пастаўляе ў нашу краіну садавіну, гародніну, лакі, фарбы, трыкатажныя вырабы. Амаль 80% нашага экспарту ў гэтую краіну - звадкаваны газ, нафтапрадукты. Таксама мы прадаем тканіну, паперу БелАЗы і тралейбусы.
Першыя 10 тралейбусаў мы прадалі ў Сербію ў 2000 годзе. Можна назваць гэта спробай пяра і заяўкай на будучыя кантракты.
Пяць гадоў таму пра гэтае прадпрыемства беларускія СМІ напісалі так: Белкамунмаш выйграў тэндар на пастаўку 83 тралейбусаў у Сербію. Нашу прапанову ацанілі як самую канкурэнтаздольную па тэхнічных характарыстыках і суадносінах кошт - якасць. Мы абышлі тады еўрапейцаў, украінцаў і кітайцаў.
На прадпрыемстве гавораць, што 95% тралейбуснага парка Белграда сёння беларускія. Праўда колеравая гама змянялася, спачатку мы прадалі сербам белыя тралейбусы, потым аранжавыя, а апошняя партыя стала чырвонай. Для сербскага рынку былі ўлічаныя і такія пажаданні заказчыка, як усталёўка ўрны для смецця, кандыцыянеры ў салоне, асобны ўваход для вадзіцеля.
Белкамунмаш збіраецца ўдзельнічаць у новым тэндары. Распрацаваны і новы дызайн тралейбусаў. Яго пакуль трымаюць у сакрэце. А вось тэхнічнымі характарыстыкамі дзеляцца.
10 гадоў таму сербскі рынак адкрыў і беларускі МАЗ. Начальнік аддзела экспарту ўспамінае як вывучалі гэты рынак і паступова ўваходзілі на яго. Пачыналі з продажаў пасажырскіх аўтобусаў. І ўжо сёння тыя, хто купіў выпрабавальную партыю тады, вяртаюцца зноў. У канцы снежня МАЗ прадасць яшчэ 45 адзінак тэхнікі. Акрамя таго, у Сербіі ў прадпрыемства і свая зборачная вытворчасць.
У наступным годзе прадпрыемства разлічвае на новыя кантракты на 100 адзінак тэхнікі, прычым палову з гэтага збяруць на зборачнай вытворчасці ў Сербіі.
Колер горада Белграда - чырвоны. Тралейбусы, аўтобусы па заказе афарбоўваюць у гэты колер. За 10-гадовае супрацоўніцтва Беларусь прадала каля 350 адзінак тэхнікі МАЗ на 30 мільёнаў долараў. Буйны кантракт мяркуецца і на наступны год з МУС Сербіі на пастаўку для МНС пажарнай тэхнікі.
Новую машыну пакажуць прэзідэнту Сербіі ўжо падчас гэтага візіту. Як і іншыя лепшыя ўзоры тэхнікі МАЗа і МТЗ.













