Паўднёвыя раёны краіны завяршаюць уборачную

10 августа 2015

Нягледзячы на няпростыя ўмовы надвор'я, некаторым гаспадаркам краіны сёлета ўдаецца збіраць рэкордны ўраджай. Упершыню пераадолена мяжа па ўраджайнасці 100 цэнтнераў з гектара. Такі вынік на рахунку хлебаробаў агракамбіната "Сноў" Нясвіжскага раёна. Асобныя палі тут даюць з гектара аж 120 цэнтнераў! Самі аграрыі гэты факт тлумачаць проста: вялікая вага каласоў дасягаецца строгім выкананнем тэхналогій і дакладнай селекцыйнай працай.

Каб даведацца, якія сорты збожжавых даюць такі важкі намалот, наш карэспандэнт Аляксандра Драгун выехала ў палі Нясвіжскага раёна. Прозвішча Яфімчык - вядомая сярод аграрыяў Мінскай вобласці. Год таму Уладзімір стаў лепшым на раённых спаборніцтвах сярод маладых камбайнераў. У гэтым сезоне - зноў у перадавіках. Ужо сабраў з палёў больш як 2 тысячы тон збожжа. Гаворыць, з будучай прафесіяй вызначыўся яшчэ ў дзяцінстве - пайшоў па слядах бацькоў.

Агракамбінат "Сноў" - адзін з самых перадавых у краіне. Хоць па плошчы гаспадарка не вялікая - пад раллю адведзена больш як 6 тысяч гектараў, але аграрыі навучыліся дабівацца высокай ураджайнасці. З аднаго гектара атрымліваюць да 120 цэнтнераў!

Да абеду камбайнеры ўбіраюць пшаніцу і трыцікале, днём - ячмень. Але сёння хлебаробам прыйшлося затрымацца на мехдвары. Дождж не даў выйсці ў поле. Яшчэ раз правяраюць тэхніку, чысцяць, каб падчас жніва працаваць без замешак. Да таго ж, сённяшняе надвор'е не паўплывае на ўраджай у цэлым.

У агракамбінаце 5 зернесушыльных комплексаў, але ў бункерах пуста. Дзякуючы сухому надвор'ю, злакавыя паступаюць сюды ўжо патрэбнай вільготнасці - 12-13%. А таму новы ўраджай перапрацоўваюць за дзень. Досыць толькі ачысціць і складаваць.

У гэтай гаспадарцы засталося ўбраць менш як чвэрць плошчаў пшаніцы і ячменю. А трыцікале ўжо перапрацоўваюць на прадпрыемстве, якое знаходзіцца на тэрыторыі зернесушыльнага комплексу. Са злакавай культуры рыхтуюць больш як 30 відаў камбікорму і пакідаюць на насенне.

А ў Віцебскай вобласці ўбраная палова плошчаў, занятых пад збожжавыя і зернебабовыя. Пакуль няма дажджоў, хлебаробы не страчваюць ні хвіліны. Камбайны сельгаспрадпрыемства "Рудакова" працуюць у полі да першай расы. Сярэдняя ўраджайнасць - 55 цэнтнераў з гектара, на 22 больш за сярэднюю па вобласці. Гаспадарка вырошчвае элітнае насенне азімай пшаніцы і яравога ячменю беларускай селекцыі. І забяспечвае імі многія сельгаспрадпрыемствы вобласці і краіны.

Разам з тым, аграрыі паўночнага рэгіёна ўжо закладваюць падмурак ураджаю будучага года: у рэгіёне пачалася сяўба азімага рапсу. У іншых абласцях краіны таксама актыўна ідзе падрыхтоўка глебы. Хутка пачнуць засяваць палі.