Юбілейны кар’ерны самазвал сышоў сёння з канвеера жодзінскага БелАЗа

24 августа 2018

Трохтысячны экзэмляр адной з самых папулярных экспартных мадэляў - на 55 тон - адгружаны ў Эстонію. Сёлета прадпрыемства больш як напалову нарасціла пастаўкі ў параўнанні з мінулым годам. Сярод новых знешнеэканамічных напрамкаў - рынак Кітая, куды прадукцыя БелАЗа не пастаўлялася некалькі гадоў.

Аляксей Кандраценка пра перспектывы жодзінскага прадпрыемства.

Ударная сіла прамыслоўцаў, машына-скала і проста надзейная тэхніка. 55-тонны БелАЗ вось ужо чвэрць стагоддзя стабільна ў экспартнай лінейцы жодзінцаў. А гэта 20 краін свету - ад суседніх Расіі і Літвы да далёкіх Інданезіі і Чылі.

Адзін з актуальных кантрактаў для Эстоніі. На мясцовыя кар'еры па здабычы сланцу адправяцца 20 самазвалаў 55-тоннікаў. Сярод іх і юбілейная трохтысячная машына.

Сёння многія дасягненні БелАЗа магчымыя дзякуючы доўгатэрміновай глыбокай мадэрнізацыі прадпрыемства. Апошнія 10 гадоў завод істотна абнаўляецца.

Новая мадэль кар'ернага самазвала на 290 тон, пагрузчык і машина-беспілотнік - толькі некаторыя прэм'еры гэтага года. Свае чарговыя і перспектыўныя для прамысловасці і эканомікі ноу-хау беларускі аўтазавод прадэманструе ў верасні. Гэты месяц пройдзе пад знакам 70-годдзя БелАЗа.