Кірмаш "Еўрарэгіён "Нёман" адкрылі сёння ў Гродне

23 сентября 2016

Традыцыйны кірмаш "Еўрарэгіён "Нёман" адкрылі сёння ў Гродне ўжо 18-ы раз. На 2 тысячах квадратных метраў павільёны і дыскусійныя пляцоўкі адкрылі больш за 160 кампаній і прадпрыемстваў як з Беларусі, так і з блізкага і далёкага замежжа. Ужо ў першы дзень працы падпісаны шэраг пагадненняў і кантрактаў, таксама ёсць дамоўленасці аб працягу супрацоўніцтва і новых інвестыцыях.

Лех Пілецкі, прэзідэнт Падляскага бізнес-клуба, Польшча:

"Мне радасна бачыць, як апошні час развіваецца турыстычны бізнес. Дзякуючы верным рашэнням беларускіх і польскіх улад адкрыліся дзве бязвізавыя тэрыторыі на Аўгустоўскім канале і ў Белавежскай пушчы. І зараз нашы прадпрымальнікі, у тым ліку і невялікія фірмы, могуць прапанаваць сваім кліентам новы прадукт. І такіх пунктаў судакранання ў бізнесе паміж нашымі краінамі яшчэ вельмі шмат".

Ян Ліпін, начальнік аддзела ўпраўлення камерцыі правінцыі Ганьсу, Кітай:

"У Гродне быў адкрыты медыцынскі цэнтр кітайскай медыцыны. Таксама правінцыя Ганьсу збіраецца праз аўкцыёны ўдзельнічаць у куплі і будаўніцтве іншых аб'ектаў у Рэспубліцы Беларусь. Перспектыў у правінцыі Ганьсу і Гродзенскай вобласці вельмі шмат".

Форум "Еўрарэгіёна" прадоўжыць працу і заўтра. У рамках мерапрыемства пройдзе і міжнародны інвестфорум "Гродзеншчына на скрыжаванні меж", а таксама прэзентацыі інвестыцыйных пляцовак і праектаў рэгіёна, у прыватнасці, свабоднай эканамічнай зоны "Гроднаінвест" і турыстычнага аб'екта "Аўгустоўскі канал".