Высокая хуткасць дастаўкі, мінімальная рызыка пашкоджання грузаў

13 августа 2015

Ролю Брэсцкага чыгуначнага вузла на Еўразійскім транспартна-лагістычным рынку сёння абмеркавалі эксперты з Расіі, Беларусі, Казахстана і Германіі. Пра перспектыўныя праекты рэпартаж Вікторыі Патоні.

Чыгуначны вузел у Брэсце вядомы тым, што тут "пераабуваюць" саставы з-за рознай шырыні каляіны. Гэты пункт на карце - яшчэ і стык межаў з Захаду на Усход. Тут вялізныя магчымасці для захоўвання і транспарціроўкі імпартных тавараў.

Аляксандр Шамела памятае, якім грузапаток на брэсцкіх станцыях быў яшчэ ў савецкія гады. Сёння, гаворыць вопытны чыгуначнік, магчымасцяў прымаць грузы значна больш. Прычым, стаўка робіцца на кантэйнерныя перавозкі.

На гэтым грузавым тэрмінале станцыі Брэст-Паўночны за суткі здольныя разгружаць каля 700 буйнатанажных кантэйнераў. Пакуль рэзервы выкарыстоўваюцца на чвэрць. Ільвіную долю тавараў, што накіроўваюцца з Еўропы ў Азію і назад, складаюць аўтазапчасткі, камплектуючыя для машынабудаўнічай галіны і навінкі электронікі.

Праз Беларусь тавары ідуць транзітам з Усходу на Захад. Менавіта нашу краіну лічаць ключавой пляцоўкай "Новага Шаўковага шляху". Па паветры, сушы і вадзе будзе ажыццяўляцца перавозка тавараў. Сваё месца ў гэтым ланцужку зоймуць і чыгуначныя зносіны.

Сёння ў Брэсце эксперты з Расіі, Беларусі, Казахстана, Германіі абмеркавалі ролю Брэсцкага чыгуначнага вузла на Еўразійскім транспартна-лагістычным рынку. У горадзе над Бугам ужо напрыканцы года плануюць стварыць беларуска-расійскае прадпрыемства па кантэйнерных перавозках. Перавага дастаўкі тавараў па чыгунцы - у аб'ёмах, тэрмінах і эканамічнасці.

Уладзімір Міхайлюк, першы намеснік начальніка Беларускай чыгункі:

"Да Германіі праходзіць груз за 14 сутак. Зараз максімальны аб'ём грузаў ідзе па водным шляху - гэта 35-40 сутак. А кітайскі бок зацікаўлены ў хуткай дастаўцы грузу".

За паўгода па Беларускай чыгунцы прайшло каля 20 тысяч кантэйнераў з кітайскімі таварамі. У параўнанні з мінулым годам гэтая лічба павялічылася амаль у два з паловай раза. Спецыялісты ўпэўненыя: разумна арганізаваная лагістыка пашырыць магчымасці рэйкавых перавозак.