Другі форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі адкрываецца сёння ў Сочы

17 сентября 2015

Прамысловая кааперацыя, сумесныя вытворчасці і развіццё гандлю стануць галоўнымі тэмамі другога форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Ён сёння адкрываецца ў Сочы. У форуме прыме ўдзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы зараз знаходзіцца з рабочым візітам у Расійскай Федэрацыі. Усяго форум збярэ больш за 350 удзельнікаў.

Гэта прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай галін улады Беларусі і Расіі, кіраўнікі буйных прадпрыемстваў і бізнес-супольнасцяў. Плануецца таксама разгледзець фарміраванне прамысловай палітыкі, аб'яднанне фінансавага і маркетынгавага патэнцыялаў краін. Па выніках чакаецца падпісанне некалькіх двухбаковых пагадненняў. Агульная сума кантрактаў можа перавысіць 100 мільёнаў долараў.

Падчас форуму гутарка таксама пойдзе і пра адкрыццё дылерскіх цэнтраў і выпуск сумеснага прадукту на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза і за яго межы. Сёння, апроч дзелавой праграмы, у Сочы пройдзе кірмаш беларускіх і расійскіх вытворцаў. Сваю прадукцыю прапануюць больш як 80 прадпрыемстваў нашай краіны.