Другі дзень працы Генеральнай канферэнцыі МАГАТЭ ў Вене

27 сентября 2016

Удзел у ёй прымае Беларусь. Сёння ў нашай дэлегацыі самы насычаны дзень. У Венскім міжнародным цэнтры адкрыўся беларускі стэнд і адбылася афіцыйная прэзентацыя Беларускай АЭС. Наша краіна пакуль навічок у атамнай энергетыцы, але цікавасць да праекта ў Астраўцы ўжо немалая. Жаданне абменьвацца вопытам з Беларуссю ўжо выказалі Венгрыя, Фінляндыя, Швецыя і Нарвегія. Галоўным партнёрам па развіцці ядзернай энергетыкі застаецца Расія. З аўстрыйскай сталіцы рэпартаж Веранікі Буты.

Сённяшні дзень у Вене па праве можна назваць беларускім. Атамшчыкі практычна з усяго свету на свае вочы змаглі ўбачыць, якой будзе АЭС у Астраўцы. Беларусь у дваццатцы дзяржаў, хто заслужыў права навочна прадэманстраваць свой ядзерны патэнцыял на пляцоўцы самай аўтарытэтнай арганізацыі ў галіне атамнай энергетыкі. Стэнд - адзін з самых ажыўленых, нам ёсць што паказаць і чым падзяліцца з іншымі. Да гэтага часу на беларускім стэндзе пабывалі сотні спецыялістаў з Еўропы, Азіі і Амерыкі.

Працяг беларускай экспазыцыі - ужо і на стэндзе Расіі. Расатам дэманструе макет рэактара найноўшага пакалення 3 плюс, менавіта такі ўсталююць у Астраўцы. Беларуская АЭС стане самай сучаснай.

Беларусь за апошні год сур'ёзна прасунулася наперад у будаўніцтве АЭС: у актыўнай стадыі - працы на абодвух энергаблоках, на першым ужо нават пачаўся мантаж. У працэсе вырабу яшчэ прыкладна 40% абсталявання. Пытанне аб замене корпуса з расійскім бокам ужо ўзгодненае.

Бяспека атамнай электрастанцыі шмат у чым залежыць ад падрыхтоўкі персаналу, і Беларусь надае гэтаму асаблівую ўвагу. На гэтым зрабіў акцэнт кіраўнік беларускай дэлегацыі, выступаючы з дакладам. Падчас будаўніцтва аб'екта ў Астраўцы, першым чынам, улічваюцца ўсе неабходныя нормы бяспекі. А на наступным тыдні Беларусь чакае з комплекснай ацэнкай працы ў Астраўцы місію МАГАТЭ. Далей - да канца года - пачнуцца і першыя стрэс-тэсты.

Усе эксперты сыходзяцца на думцы, што будучыня менавіта за атамнай энергетыкай, пакуль ва ўсім свеце 450 дзеючых рэактараў. Яшчэ каля 60 у стадыі будаўніцтва. Да прыкладу, у Францыі думаюць аб новых 10 атамных энергаблоках. Бачаць перспектывы і для нашай краіны.

Андрэ Маісо, прадстаўнік Сусветнага савета працаўнікоў ядзернай прамысловасці, Францыя: "Беларусь павінна мець уласную АЭС. Таму што дзякуючы ёй вам не прыйдзецца закупляць газ і нафту, як вы гэта робіце зараз. А гэтыя сродкі вы зможаце накіроўваць на развіццё ўласнай энергаіндустрыі, будаваць заводы, рыхтаваць высокапрафесійныя кадры, разлічваць на ўласныя сілы".

Заўтра ў Вене стартуе навуковы форум, працягнуцца круглыя сталы і форумы, двухбаковыя перамовы ў пытаннях бяспекі і кадраў. Асобны блок пытанняў, якія трэба будзе абмеркаваць нашай дэлегацыі, - гэта ахова здароўя. Тут да канца тыдня пройдзе некалькі семінараў для ўрачоў.