Другі дзень працы форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі

18 сентября 2015

У Сочы сёння другі дзень працы форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Удзел у ім, як і планавалася, прынялі прэзідэнты дзвюх краін Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Ключавой тэмай пленарнага пасяджэння стала ўзаемадзеянне ў прамысловай сферы, каардынацыя дзеянняў і фарміраванне адзінай прамысловай палітыкі. Прэзідэнт Беларусі прапанаваў шэраг канкрэтных крокаў, указаўшы на неабходнасць роўных умоў на агульным рынку тавараў і паслуг. Абмеркавалі і пытанне ўваходжання нашай краіны ў СГА ў кантэксце ЕАЭС. Яшчэ раз была падкрэслена бесперспектыўнасць палітыкі санкцый і ізаляцыі асобных дзяржаў у рэаліях сучаснага свету. Асобныя расійскія СМІ зноў узнялі пытанне наконт нейкага развароту Беларусі ад Расіі. Аляксандр Лукашэнка заклікаў гэтыя гутаркі спыніць, указаўшы на тое, што Беларусь наладжвае з Расіяй роўныя добрыя адносіны, як гэта робіць сёння і Расійская Федэрацыя. Пацвярджэннем дружалюбных саюзніцкіх адносін сталі вынікі перамоў за круглым сталом - пакет з больш чым шасці дзясяткаў экспартных кантрактаў. А папярэднічала пленарнаму пасяджэнню сустрэча кіраўнікоў дзяржаў у двухбаковым фармаце.

За тым, што адбываецца ў Сочы, сачыў наш карэспандэнт Аляксей Адашкін.

Беларускія камбайны і трактары відаць здалёк у сэрцы былой алімпійскай вёскі, дзе летась пражывалі ўдзельнікі зімовых Гульняў. На першым форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі галоўнай тэмай была сельская гаспадарка і развіццё АПК. Сочынская сустрэча прысвечаная прамысловасці і кааперацыі ў вытворчасці. За два з паловай дні форуму тут наладжаныя прамыя кантакты як паміж кіраўніцтвам рэгіёнаў, так і паміж канкрэтнымі кампаніямі і прадпрыемствамі. Гутаркамі не абмежаваліся. Падпісаны пакет дакументаў. Так, урад Беларусі заключыў дагаворы аб супрацоўніцтве з пяццю рэгіёнамі Расіі. Сярод іх і Цюменская вобласць - адзін з лідараў па эканамічных сувязях з нашай краінай, калі меркаваць па аб'ёмах тавараабароту, які летась наблізіўся да 6 мільярдаў.

Наша краіна актыўна пастаўляе ў гэты рэгіён сельгастэхніку, шыны, спажывецкія тавары, атрымлівае ў сваю чаргу вуглевадародную сыравіну і прадукты нафтаперапрацоўкі. Зараз бакі ўзялі курс на пераход да больш складаных эканамічных адносін. У 2010 годзе ў вобласці наладжана вытворчасць беларускіх ліфтаў. Зараз распрацоўваюцца праекты па сумесным выпуску трактароў і аўтобусаў.

А вось у Пензенскай вобласці працуе сумесная вытворчасць па выпуску спецтэхнікі на шасі МАЗ. Мінскі аўтамабільны завод пастаўляе камплектуючыя, і на мясцовым прадпрыемстве збіраюць бензавозы і палівазапраўшчыкі. Кіраўніцтва рэгіёна прапануе пашырыць супрацоўніцтва за кошт лёгкай прамысловасці, слава аб якой дайшла і да Пензы.

На форуме ў Сочы наша краіна заключыла і каля 70 экспартных камерцыйных кантрактаў. У будучыні гэта сотні мільёнаў долараў прыбытку. Эфектыўным стымулам для папулярызацыі беларускай прадукцыі стала прамысловая экспазіцыя, куды прывезлі ўсе самыя перадавыя распрацоўкі айчынных прадпрыемстваў і навуковых цэнтраў.

Не прататыпы, а рэальная тэхніка тут на выставе. Вось БелАЗ 90-тонавы з электрамеханічнай трансмісіяй пасля выставы паедзе ў Якуцію.

Гомсельмаш прэзентуе новы і самы магутны ў лінейцы камбайн - "Палессе GS16". Параметры ўражваюць. Прадукцыйнасць агрэгата - 24 тоны за гадзіну, а прапускная здольнасць - 16 кілаграмаў за секунду. Але галоўная перавага гэтай машыны, без сумнення, кошт - у два разы ніжэйшы за нямецкі і амерыканскі аналагі.

А вось гэты аўтобус МАЗ як дэманстрацыя дзеяння прынцыпу "інтэграцыі інтэграцый". Тэхніка, распрацаваная і сабраная беларускімі спецыялістамі з выкарыстаннем расійскіх матэрыялаў і нямецкага рухавіка ад Mercedes. Пастаўляць такія эканамічныя і экалагічныя машыны, якія працуюць на газе, можна па ўсёй планеце.

Нягледзячы на некаторае зніжэнне аб'ёмаў узаемнага тавараабароту, выкліканае сітуацыяй на знешніх рынках, Расія застаецца для Беларусі асноўным гандлёвым партнёрам. У нашай краіне працуюць каля трох тысяч кампаній з расійскім капіталам. Усходні сусед застаецца і галоўным інвестарам у беларускую эканоміку. Летась рэспубліка прыняла расійскіх інвестыцый больш чым на 600 мільёнаў долараў. Цесныя адносіны дзяржавы падтрымліваюць і ў палітычнай сферы. Сёлета Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сустракаліся шэсць разоў і неаднаразова размаўлялі па тэлефоне. На пачатку тыдня прэзідэнты ўдзельнічалі ў саміце АДКБ у Таджыкістане, потым правялі перамовы ў Сочы разам з Нурсултанам Назарбаевым. І вось сёння чарговая сустрэча. Да пачатку форуму рэгіёнаў лідары прыкладна гадзіну размаўлялі на двухбаковай сустрэчы.

Толькі з беларускага боку ў форуме рэгіёнаў прынялі ўдзел больш за 300 чалавек. У зале і сенатары, і кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, кіраўнікі абласцей, а таксама дырэктары вядучых айчынных прадпрыемстваў. З'яўленне на пленарным пасяджэнні прэзідэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ўдзельнікі форуму віталі працяглымі апладысментамі.

Сустрэчу пачынае Прэзідэнт Расіі. Уладзімір Пуцін адзначае, што двум краінам удалося стварыць добрую інфраструктуру супрацоўніцтва. 80 суб'ектаў Расійскай Федэрацыі (гэта значыць амаль усе) падтрымліваюць з Беларуссю прамыя сувязі. Колькасць міжрэгіянальных пагадненняў набліжаецца да трох соцень. Уладзімір Пуцін заявіў, што Беларусі і Расіі па сілах вярнуць гандаль на траекторыю росту па ўсіх паказчыках. Гэтаму будзе спрыяць рэалізацыя маштабных інвестпраектаў.

Апошнім часам нават нягледзячы на цяжкасці, звязаныя з сусветным крызісам, кантакты паміж абласцямі дзвюх краін значна пашырыліся. Пра гэта ўжо гаворыць Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Толькі з пачатку года ў Беларусі пабывалі 36 рэгіянальных дэлегацый з Расіі. У сваю чаргу беларусы наведалі 21 суб'ект Расійскай Федэрацыі. Беларускі лідар сёння асабліва падкрэсліў, што развіццё ўсебаковага супрацоўніцтва паміж дзвюма саюзнымі краінамі заўсёды будзе прыярытэтам для нашай рэспублікі.

Канцэптуальнай асновай двухбаковага супрацоўніцтва Аляксандр Лукашэнка назваў менавіта Саюзную дзяржаву з яе органамі і праграмамі. Вядома, яшчэ ёсць над чым папрацаваць у гэтым інтэграцыйным утварэнні. Аднак адносіны Мінска і Масквы сталі падмуркам для пасоўвання аб'яднаўчых працэсаў на постсавецкай прасторы. І Саюзная дзяржава стала лакаматывам эканамічнага саюза.

Нестабільнасць еўразоны, ваганне сусветных фондавых рынкаў, курсу кітайскага юаня - усё гэта патрабуе карэкціроўкі эканамічнай палітыкі нашых краін. На двухбаковых перамовах лідары пра гэта таксама гаварылі, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. І беларускі Прэзідэнт падкрэслівае, што менавіта зараз асабліва патрэбная кансалідацыя ў рамках і Саюзнай дзяржавы і ЕАЭС. Напярэдадні якраз у Сочы Прэзідэнт Казахстана крытычна выказаўся наконт беларускага малака. Маўляў, наша краіна пастаўляе парашковы і ненатуральны прадукт. Аляксандр Лукашэнка сёння пераканаўча адказаў на папрок.

Фарміраванне адзінай прамысловай палітыкі можа істотна паўплываць на рост эканомік нашых краін. На думку Аляксандра Лукашэнкі, першым крокам у гэтым напрамку стане забеспячэнне роўных канкурэнтных умоў для працы прадпрыемстваў на агульным рынку тавараў і паслуг. Не павінна быць бар'ераў і абмежаванняў у гандлі, бо яны прыводзяць да страты прывабнасці двухбаковага супрацоўніцтва.

Адразу пасля пасяджэння ў кангрэс-цэнтры прэзідэнты наведалі прамысловую беларуска-расійскую выставу. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін агледзелі ўзоры прадукцыі, якую вырабляюць у дзвюх краінах.

Пасля гэтага лідары адправіліся ў адукацыйны цэнтр для адораных дзяцей "Сірыус". Гэтая навучальная ўстанова створана на базе алімпійскай інфраструктуры па ініцыятыве Прэзідэнта Расіі. Тут вучацца школьнікі, якія праяўляюць выдатныя здольнасці ў галіне мастацтваў, спорту і прыродазнаўчых дысцыплін. Цэнтр працуе круглы год і разлічаны на бясплатнае навучанне 6 соцень дзяцей. Заняткі праводзяць вядучыя педагогі спартыўных, фізіка-матэматычных, хіміка-біялагічных школ, а таксама выбітныя дзеячы расійскага мастацтва. Чакаецца, што ў найбліжэйшы час пасля конкурснага адбору сюды прыедуць вучыцца і дваццаць беларускіх вундэркіндаў.