Другая кальцавая вакол Мінска будзе цалкам гатовая да студзеня 2017 года

22 октября 2014

Другая кальцавая вакол Мінска будзе цалкам гатовая да студзеня 2017 года. Савет Міністраў пастановай зацвердзіў план - графік уводу ў эксплуатацыю МКАД-2. Працягласцю МКАД-2 будзе ўтрая даўжэйшай за першае кальцо, і ў асноўным яна будуецца для вялікагрузных машын. Унікальнасць другой кальцавой і ў тым, што яна будзе бетонавая.


Расказвае Сяргей Воляк: Першыя тры кіламетры другой кальцавой дарогі ў пачатку верасня паказалі Прэзідэнту. На будаўнічай пляцоўцы Аляксандр Лукашэнка гаварыў пра разумны падыход і пры праектаванні МКАД-2, і ў працэсе будаўніцтва. Кошт - 900 мільярдаў беларускіх рублёў - можа быць значна ніжэйшы, падкрэсліў Прэзідэнт. У пастанове Саўміна бюджэт не скарочаны, але дарожнікі бяруць абавязацельства скончыць МКАД-2 з эканоміяй.



Галоўная задача другой кальцавой - прыбраць з першага кальца транзітныя грузавікі. Паводле замераў спецыялістаў, менавіта вялікагрузныя фуры псуюць хуткасны трафік МКАД-1. А хуткасць - адзін з галоўных паказчыкаў эфектыўнасці. І не важна, у якой паласе грузавік перамяшчаецца, хай нават у крайняй правай, само яго знаходжанне ў патоку змушае астатніх удзельнікаў руху тармазіць, тым самым зніжаць агульную хуткасць руху мінімум на 20 км/г.


Агульная працягласць МКАД-2 складзе 158 кіламетраў. Выдаленне ад 8 да 22 кіламетраў. Мяркуецца, што ўвод другога кальца значна разгрузіць першае, якое ўжо літаральна затыхаецца. Штодня па ім праносіцца 100 000 - 120 000 машын.


Яўген Ракала, начальнік галоўнага ўпраўлення аўтадарог Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі: Мы чакаем, што паступова, пасля таго як яна ўвядзецца, людзі будуць прывыкаць, даведвацца і выбіраць сабе мякчэйшы маршрут, каб не заязджаць у гэтую густанаселеную тэрыторыю вакол Мінска.


Новую дарогу збяруць, як мазаіку, з ужо дзеючых участкаў аўтатрас і новых. На карце добра бачныя гэтыя адрэзкі. Жоўты колер - гэта наяўная дарога, участкі М1 і М2. Уводзіць МКАД -2 будуць на два этапы. Участак М3 Мінск - Віцебск да аўтадарогі М6/Е28 Мінск - Гродна - мяжа Польшчы павінен зарабіць да студзеня 2016 года. А на адрэзку ад аўтадарогі М6/Е28 Мінск - Гродна да аўтадарогі Брэст - Мінск - мяжа Расійскай Федэрацыі машыны павінны паехаць ужо са студзеня 2017.


Для новай трасы закупілі спецыяльную тэхніку, бо будаўніцтва ідзе паводле нестандартнай тэхналогіі: дарогу вырашана зрабіць бетонавай. Спецыялісты ўпэўніваюць, што праслужыць яна без капітальнага рамонту ў 4 разы даўжэй за асфальтабетон.



Уладзімір Зубовіч, намеснік дырэктара БелдарНДІ Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі: Мы зараз арміруем швы цэментава-бетонавага пакрыцця, каб пазбегнуць непатрэбных дэфармацый на цэментабетоне, каб швы не расхадзіліся адзін ад аднаго, гэта забяспечыць больш стабільную працу пакрыцця і добрыя эксплуатацыйныя паказчыкі.


Гэта ўзор з пабудаваных трох кіламетраў бетонкі на адрэзку Мінск - Віцебск. У НДІ зараз правяраюць яго трываласць і ўстойлівасць да нізкіх тэмператур, каб дарожнае палатно служыла без рамонту 30-40 гадоў.