Сусветны банк выступае за далейшае ўзаемадзеянне з Беларуссю

4 ноября 2014

Сусветны банк выступае за далейшае ўзаемадзеянне з Беларуссю, у тым ліку і па ўдасканаленні кіравання дзяржаўнымі фінансамі. Міжнародная арганізацыя падрыхтавала справаздачу, дзе адзначана, што Беларусь дабілася прагрэсу ў павышэнні празрыстасці падатковай сістэмы, узмацненні кантролю за крэдытамі і мадэрнізацыі бюджэтнага заканадаўства. Са справаздачай азнаёмілася наш карэспандэнт Святлана Лук'янюк.

У гэтай справаздачы паказаны моцныя бакі беларускай сістэмы кіравання дзяржфінансамі і пазначаны сферы, якім патрэбны рэформы. Гэта другая справаздача Сусветнага банка. Першая была ў 2009 годзе. У справаздачы на 155 старонак дадзена ацэнка развіцця краіны за апошнія два гады, а таксама рэкамендацыі па доўгатэрміновым планаванні і выкананні бюджэту і ўдасканаленні міжбюджэтных адносін.

З 28-мі паказчыкаў, па якіх і аналізавалася развіццё з 2010 па 2012, палова адпавядае ў нас міжнародным стандартам.

Ян Чул Кім, кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі: У параўнанні з 2009 годам прагрэс дасягнуты ў павышэнні празрыстасці абавязкаў і абавязацельстваў падаткаплацельшчыкаў, узмацненні кантролю за крэдытамі, мадэрнізацыі заканадаўчай базы па пытаннях міжбюджэтных адносін.

Што тычыцца праекта бюджэту, то ў міжнародных аналітыкаў ёсць пытанні па выкананні прагнозаў, каб выдаткі не перавышалі прыбыткі. Тут свае карэктывы ўнесла эканамічная нестабільнасць на сусветным рынку.

Максім Ермаловіч, намеснік Міністра фінансаў Беларусі: Вагаецца сусветная цана на нафту, вагаюцца паказчыкі рынкаў, гэта шмат у чым было звязана ў мінулы перыяд, як фарміравалася цана на калійныя ўгнаенні, як фарміраваліся цэны на асноўныя тавары беларускай вытворчасці.

Пераадоленне фінансавага крызісу дае магчымасць эканоміцы працаваць устойліва, а ўраду фарміраваць бюджэт на наступны год з прафіцытам. У планах перайсці і на сярэднетэрміновае планаванне па фінансаванні праграм, а таксама ўзмоцніць кантроль эфектыўнасці выкарыстання грошай.

Максім Ермаловіч, намеснік Міністра фінансаў Беларусі: Бачыць, як паляпшаецца, напрыклад, пры пэўных аб'ёмах фінансавання якасць жыцця, паказчыкі ў ахове здароўя, паказчыкі працягласці жыцця, як гэта адлюстроўваецца на паказчыках выяўлення захворванняў на ранніх стадыях.

Справаздача Сусветнага банка стане базай для распрацоўкі ўрадам стратэгіі рэфармавання кіравання дзяржфінансамі, а таксама бюджэтнага кодэкса, які, як плануецца, пачне працаваць у 2016 годзе.