Сусветны банк дапаможа Беларусі правесці масавае пераацэньванне нерухомасці

27 мая 2016

Сёння ў Мінску эксперты міжнароднай арганізацыі распавялі аб далейшых варыянтах супрацоўніцтва для развіцця сістэмы кадастравай ацэнкі ў краіне. У Беларусі завяршаецца пілотны праект, які прадугледжваў новыя падыходы. А менавіта - улік рынкавага кошту нерухомасці і поўную інвентарызацыю ўсіх аб'ектаў. Зараз ідзе размова аб пераносе тэхналогіі на тэрыторыю ўсёй Беларусі. Масавая ацэнка дапаможа стварыць больш карэктную сістэму падаткаабкладання, атрымаць поўныя звесткі аб кошце нерухомасці, адпаведна, значна палегчыць жыццё як пакупнікам, так і прадаўцам розных аб'ектаў.

Міка-Петэры Торханен, вядучы спецыяліст па кіраванні зямельнымі рэсурсамі Сусветнага банка: "Сусветны банк гатовы аказаць падтрымку Беларусі ў правядзенні масавай ацэнкі нерухомасці і ўдасканаленні сістэмы падаткаабкладання ў гэтай сферы. Мы валодаем вядучымі міжнароднымі практыкамі, якія могуць быць укаранёныя і ў вашай краіне. У найбліжэйшы час эксперты банка выпрацуюць рэкамендацыі для кадастравай ацэнкі і прадставяць вынікі гэтай працы ва ўрад Беларусі".

Рашэнне аб мэтазгоднасці рэфармаваць сістэму кадастравай ацэнкі і падаткаабкладання нерухомасці ў Беларусі можа быць прынята да канца ліпеня. У выніку ў краіне можа з'явіцца адзіны падатак на нерухомасць.