Сусветны банк падтрымае лясны сектар у Беларусі

1 апреля 2015

Праект, накіраваны на развіццё ляснога сектара ў Беларусі, зацверджаны Саветам дырэктараў Сусветнага банка. Ужо заўтра будзе падпісана пагадненне аб выдачы пазыкі нашай краіне. Новы праект будзе спрыяць мадэрнізацыі лесагаспадарчай дзейнасці, абароне лясоў і павышэнню якасці лясных рэсурсаў. Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на сустрэчы з прадстаўнікамі Сусветнага банка адзначыў, што бягучы інвестыцыйны партфель уключае 7 дагавораў на агульную суму каля 940 мільёнаў долараў. Актыўна развіваецца праект, накіраваны на стымуляванне інавацый і развіцця прадпрымальніцтва для прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу.

Як заявіў прэм'ер-міністр, Беларусь разлічвае на актыўную пазіцыю і падтрымку замежных партнёраў пры абмеркаванні дарожнай карты падчас вясновай сесіі МВФ і Сусветнага банка ў Вашынгтоне 17 і 18 красавіка.