Усё больш садаводаў Мінскай вобласці займаюцца развядзеннем фундуку

22 августа 2019

Ураджай гэтай культуры  традыцыйна збіраюць у  верасні. Усё больш  садаводаў Мінскай вобласці  займаюцца  развядзеннем фундуку. Праўда, не ўсе  гатовыя выйсці на прамысловыя аб'ёмы, хоць  попыт, як і  прыбытак, на арэхі вельмі высокі. Адначасова над стварэннем беларускіх гатункаў  працуюць і нашы навукоўцы.  Аляксей Кандраценка  пабываў на фундуковых плантацыях.

А пачыналася ўсё 10 гадоў таму з першага куста, які Павел Кастко набыў на кірмашы ў сталіцы. Цяпер у садоўніка-аматара са Смалявіцкага раёна невялікая, але прыгожая плантацыя фундуку. У садзе 25 гатункаў, пры гэтым Павел увесь час эксперыментуе. 

Павел Кастко, садоўнік-аматар:  "Адным са спосабаў вегетатыўнага размнажэння фундуку з'яўляецца яго прышчэпка на прышчэпу турэцкай ляшчыны. Гэта яшчэ завецца мядзведжы арэх. Гэты такі від, які расце дрэвам, не дае параснікаў, даўгавечны. У яго трывалы корань, і многія краіны прышчапляюць фундук на мядзведжы арэх".

У Мінскай вобласці фундуком ужо паспяхова займаюцца садоўнікі ў Капыльскім, Маладзечанскім, Валожынскім раёнах.

Як і ў многіх культурах, вырошчванне фундуку - гэта пэўная рызыка. Ураджай можа быць багатым ці ўвогуле ніякім. Але для камерцыйных мэт, упэўніваюць спецыялісты, трэба пачынаць з плошчаў не менш за 50 гектараў. 

Пры гэтым з аднаго гектара можна атрымаць больш за тону арэхаў пры закупачнай цане звыш 10 рублёў за кілаграм. Але галоўнае: фундук як тавар можа без страты якасці захоўвацца да трох гадоў. 

Павел Кастко, садоўнік-аматар:  "Заўсёды ва ўсё новае прыходзіцца ўкладваць і чакаць аддачы. Таму ніхто не атрымае ад фундуку, як ад бульбы або яблыка, у першы ж год нейкі прыбытак. Трэба закупляць тэхніку, падрыхтаваць зямлю, купіць або вырасціць самому саджанец. Увесь фундук, які ў нас у шакаладках беларускіх, ён увесь імпартуецца. Гэта ўсё Турцыя, Кітай. Калі мы будзем вырошчваць свой арэх, і ён не будзе саступаць у якасці замежным, чаму б не купіць беларускі? Ён апрыёры будзе таннейшы, і не трэба будзе прывозіць і плаціць за мытню".

Сёлета нашы навукоўцы зарэгістравалі два новыя гатункі фундуку - "Яшма" і "Лал". Усяго ж у калекцыі Інстытута пладаводства амаль 180 генетычных узораў. 

Зоя Казлоўская,  загадчыца лабараторыі Інстытута пладаводства НАН Беларусі: "Гэта ўнікальная, можна сказаць, расліна, і самі ядры арэхаў вельмі багатыя (як вы ўжо сказалі, а я яшчэ раз падкрэслю) на амінакіслоты. Удалае спалучэнне мінеральных рэчываў і вітамінаў, плюс да ўсяго вельмі каштоўны алей арэхавы яны змяшчаюць".

Час збору ўраджаю фундуку - верасень. Пакуль пра вялікія ўраджаі гаворкі не ідзе. Але аграрыі ўпэўненыя ў добрай перспектыве арэхаводства. Фундук зможа не толькі замяніць частку імпарту, але і стаць заняткам для душы.