Час рыхтавацца да гарачага аграрнага сезона

8 февраля 2020
Час рыхтавацца да гарачага аграрнага сезона: рамантаваць тэхніку, клапаціцца пра забяспечанасць запчасткамі і насеннем. Усе намаганні дазволяць укласціся ў агратэхнічныя тэрміны. Некалькі гадоў таму на поўначы краіны - у Віцебскім, Аршанскім, Полацкім і Глыбоцкім раёнах - стварылі буйныя структуры. У інтэграцыйным ланцугу - гаспадаркі, птушкафабрыкі, камбікормавыя заводы, КХП і перапрацоўчыя камбінаты. Марына Раманоўская пацікавілася, як працуюць аграхолдынгі і як плануюць развіваць АПК рэгіёна. 

Гаспадарка "Мнюта" Глыбоцкай інтэграцыйнай структуры спецыялізуецца на вытворчасці малака. А таму правільнае ўтрыманне цялят - аснова поспеху. Некалькі гадоў таму пайшлі па шляху мадэрнізацыі. Напрыклад, на гэтай ферме ў кожнай жывёліны спецыяльны ашыйнік з чыпам. Ён счытвае і адлюстроўвае ў базе даных усю неабходную для жывёлаводаў інфармацыю. 

Сучасны падыход дазваляе атрымліваць малако класа "экстра". Аўтаматэзаваная сістэма кантралюе меню кожнай жывёлы.

Паралельна з узвядзеннем новых сучасных комплексаў, у паўночным рэгіёне ідзе аднаўленне і старЫх памяшканняў гаспадарчым спосабам. У збудаваннях, якія пэўны час пуставалі, мяняюць дах, усталёўваюць новыя вокны і дзверы. Гэта хутка і не патрабуе вялікіх укладанняў. 

На якасць малака напрамую уплывае і меню жывёл. Важна, каб рацыён быў збалансаваны. А таму тэхніка, якую зараз рыхтуюць да вясенне-палявых работ, - важнае звяно ў інтэграцыйным ланцугу. Вопытныя аграрыі ведаюць - каб тэхніка не падвяла на старце, да гарачай пары трэба рыхтавацца своечасова. 

Ад таго, як спрацуюць на палях, залежыць колькі сыравіны паступіць на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Складанае абсталяванне з сеткай трубаправодаў - гэта сучасны цэх па вытворчасці сухога малака і сыроваткі. Зараз гэты камбінат пастаўляе сваю прадукцыю ў 14 краін. Наперадзе рэалізацыя новых праектаў. 

Малочная і мясная жывёлагадоўля для Віцебскай вобласці - стратэгічны кірунак. Сыравіна на гэта прадпрыемства паступае з сямі раёнаў. Нядаўна асвоілі рынак Казахстана. Там да смаку прыйшліся паўфабрыкаты ў вакуумнай упакоўцы. 

Зараз у Віцебскай вобласці чатыры інтэграцыйныя структуры. Плануецца, што ў перспектыве такіх сыравінных зон на поўначы краіны стане сем. Задача аграхолдынгаў - захаваць вытворчасць сыравіны, не страціць спецыялістаў у сельскай мясцовасці, падтрымаць вяскоўцаў і вывесці на новы ўзровень агратэхнічную культуру.