Узвядзенне кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» выходзіць на новы ўзровень

3 октября 2015

Узвядзенне і развіццё ў Смалявіцкім раёне кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» выходзіць на новы ўзровень. На пляцоўцы за 25 кіламетраў ад Мінска актыўна ідуць будаўнічыя работы, адначасова статус рэзідэнта набываюць усё новыя кампаніі. Сёння іх ужо восем. Якія бонусы ад міжнароднага праекта атрымае Мінская вобласць, і як рэалізуюцца ініцыятывы эканамічнага пояса «Шаўковага шляху» ў маштабах усёй краіны? Аляксей Кандраценка прааналізаваў перспектывы.

З Інтэрнэтам «на ты» нават не ў якасці «юзера», а прафесіянала сферы тэлекамунікацый! Студэнты вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі дасканала вывучаюць прынцыпы работы аптычных сетак. Тэорыю падмацоўваюць практыкай у навучальным цэнтры ZTE. Найноўшае абсталяванне - ад адной з вядучых кітайскіх карпарацый.

Перадатчык, прыёмнікі і камп’ютары - уся тэхніка актуальная. А інтэрактыўны фармат робіць навучанне ўдвая пазнавальным.

ZTE - адзін з 8 рэзідэнтаў кітайска-беларускага індустрыяльнага парка. Вытворца абсталявання для мабільнай сувязі - не пачатковец на рынку нашай краіны. Кампанія ідзе яшчэ далей - першы прамысловы будынак у «Вялікім камені» ўзвядуць для яе. А вось кітайскі перапрацоўшчык соладу - «першапраходзец» парка. Завод з інвестыцыямі ў сто мільёнаў долараў з’явіцца праз год.

У цэлым жа профіль рэзідэнтаў парка - электроніка, хімія, біямедыцына, машынабудаванне. А маштаб «Вялікага каменя» цалкам адпавядае самой назве індустрыяльнага парка. Яго плошча амаль адна тысяча гектараў.

25 кіламетраў ад Мінска, побач аэрапорт, чыгунка і аўтамагістраль. Па сутнасці, у Смалявіцкім раёне з'явіцца цэлы гарадок з асаблівым прававым статусам і камфортнымі ўмовамі для працы і пражывання.

Зараз рэзідэнты «Вялікага каменя» актыўна інвестыруюць у кітайска-беларускі праект. Першыя кампаніі ўжо ўклалі каля 2 мільярдаў долараў. Перспектыва для ўсёй краіны – новыя працоўныя месцы і запатрабаваная прадукцыя. Дарэчы, першыя тавары пачнуць выпускаць ўжо ў 2017-м. Разам з імі з'явіцца прыбытак, у бюджэт паступяць падаткі. Вынік на будучыню, выгады ад якога для Беларусі і Кітая відавочныя ўжо сёння.