Гарантаванне эканамічнай бяспекі - першарадная задача для Беларусі. Сёння пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Уладзімір Макей на міжнародным форуме, арганізаваным экспертнай ініцыятывай "Мінскі дыялог". Пры гэтым найважнейшымі кірункамі застаюцца дыверсіфікацыя экспарту і паніжэнне залежнасці ад традыцыйных гандлёвых партнёраў. Пакуль экспартную формулу Беларусі складана назваць прапарцыянальнай, падкрэсліў міністр.
Пашырэнню гандлёва-эканамічных сувязяў будзе спрыяць і хуткі ўступ у СГА. У апошнія гады Беларусь значна актывізавала перагаворны працэс. І ўжо выйшла на фінальную стадыю ўзгадненняў.
Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Мы спадзяемся, што на працягу досыць кароткага часу мы завершым перамовы з астатнімі дзяржавамі. Каля 10-15 дзяржаў засталося, з кім мы павінны завяршыць перамовы. Мы павінны папрацаваць над адпаведным дакументам рабочай групы. І мы зараз гэтым шчыльна займаемся. Мы вядзем адпаведныя кансультацыі з нашымі калегамі з іншых краін, актыўна працуем на жэнеўскай пляцоўцы. Я думаю, мы за досыць кароткі перыяд часу пройдзем той адрэзак шляху, які нам засталося прайсці".
Падпісаныя пратаколы аб завяршэнні двухбаковых перамоў з Японіяй і Карэяй. Да канца года плануецца выйсці на канчатковае ўзгадненне пазіцый з шэрагам іншых краін, адзначыў кіраўнік МЗС.













