Прадуктыўна ў Беларусі развіваюцца і партнёрскія адносіны са Швейцарыяй. Прэзідэнт сёння правёў сустрэчу з уладальнікам групы кампаній "Штадлер". Петэр Шпулер заявіў аб дадатковых інвестыцыях у беларускую вытворчасць. Швейцарская кампанія - адзін з вядучых еўрапейскіх вытворцаў чыгуначнага рухомага саставу. Задзейнічана больш за 7 тысяч працаўнікоў - больш чым у 20-ці падраздзяленнях - у Швейцарыі, Германіі, Венгрыі, Польшчы, Чэхіі і Беларусі. Развіццё чыгуначнага транспарту - сёння глабальны і агульнасусветны трэнд. Новыя цягнікі павінны спалучаць у сабе хуткасць, бяспеку, і камфорт. І беларускае прадпрыемства такія цягнікі гатова прапанаваць. Тэму прадоўжыць Андрэй Лапцёнак.
Незалежнасць ад пробак, дакладнасць раскладу і стук колаў. Мабыць, тут няма абыякавых! Хто не сачыў за тым, як змяняецца чыгунка ў XXI стагоддзі? Ад Францыі да ЗША, ад Кітая да Японіі. Ад Беларусі, зрэшты, куды захочам. Зараз мы нашмат бліжэй да разумення, якім менавіта будзе "цягнік будучыні".
Сталёвая магістраль, як крывяносная сістэма, праймае і сілкуе ўсю краіну. Тут будучыня чыгункі - сёння люстэрка нашага эканамічнага росту.
"На новым цягніку да новых гарызонтаў!" - слоган швейцарскай кампаніі-партнёра ідэальна адпавядаў нашым вытворчым амбіцыям. З 2010 года, з моманту прыходу кампаніі "Штадлер" у Беларусь, з першага кантракту на пастаўку сучасных швейцарскіх электрычак бакі ўзялі курс на перспектыўнае пашырэнне супрацоўніцтва.
Сёння "Штадлер" - вядучы вытворца чыгуначнага транспарту ў Старым Свеце і сусветны лідар у вытворчасці рухомага саставу для зубчастых чыгунак – цягнікі якіх могуць пераадольваць крутыя ўздымы. Цалкам прыдатная алегорыя, каб апісаць як прадпрыемствы "Штадлера змаглі выстаяць у крызіс.
Не прымусілі цяжкасці ўсумніцца інвестара і адносна перспектыў беларускага завода ў Фаніпалі.
З моманту запуску завода выраблены 21 цягнік, або 104 вагоны. З першага дня працы прадпрыемства ў Фаніпалі арыентавалася на экспарт.
У нядаўнім партфелі заказаў - кантракты з Масквой, Азербайджанам, Грузіяй. Сёння прыярытэтны знешні вектар продажаў - Нарвегія і Расія.
На двухпавярховы "Аэраэкспрэс" машыніст Андрэй Бальшакоў перасеў у канцы зімы мінулага года. Раней кіраваў прыгараднымі электрычкамі, таму плюсы новага хуткаснага цягніка ацаніў адразу.
Двухпавярховыя цягнікі "Штадлер", сабраныя ў Беларусі, для гасцей маючага адбыцца чэмпіянату свету па футболе, які пройдзе ў некалькіх расійскіх гарадах, - сапраўдная знаходка. "Аэраэкспрэс" набыў у "Штадлера" 11 саставаў. Аэрапорт Унукава за год прымае 18 мільёнаў пасажыраў, Дамадзедава - каля 30 мільёнаў. Маршруты Кіеўскі вакзал - Унукава, Павялецкі вакзал - Дамадзедава, рэйсы ў Шарамеццева, дазволяць істотна разгрузіць пасажырскі трафік.
Рыгор Сініцын, начальнік аддзела тэхнічнага абслугоўвання кампаніі "Аэраэкспрэс": "У 2012 годзе мы адчулі вострую неабходнасць у новых цягніках, аб’явілі міжнародны конкурс. У сухім астатку засталося ўсяго 3 вытворцы, хоць імкнуліся трапіць вельмі шматлікія. Кампанія "Штадлер" прапанавала нам электрацягнікі".
Такі прыгажун разганяецца да 160 км за гадзіну, а колькасць пасажыраў, за кошт другога паверха павялічылася на 50 %. Максімальную гарантыю камфорту ўжо паспелі ацаніць і самі масквічы.
Добра сябе зарэкамендавалі і "Завіруха" для Санкт-Пецярбурга. "Штадлер Мінск" выйграў тэндар на пастаўку 23 такіх трамваяў у паўночную сталіцу Расіі. Беларускі завод абышоў такіх канкурэнтаў, як польская Pesa і чэшская Шкода. Гэта самыя доўгія трамваі ў СНД - 34 метры. Акрамя саліднай змяшчальнасці - амаль 400 пасажыраў, у "Чыжыка", а менавіта так яго ўжо брэндавалі ў горадзе на Няве, вялікія смарт-опцыі.
Практычна бясшумныя, са скразнымі праходамі: прасторныя вагоны ў стрыманай хай-тэк стылістыцы. З такімі цягнікамі метро добра знаёмыя жыхары, напрыклад, Берліна або Будапешта.
Ультрасучасныя саставы, якія вырабляюць на прадпрыемстве "Штадлер Мінск" ужо ў найбліжэйшай перспектыве з'явяцца і ў нашай сталічнай падземцы.
Праўда, пакуль для абкаткі і сертыфікацыі. Для гэтага, дарэчы, і свае асаблівасці пры ўзвядзенні новай лініі Мінскага метрапалітэна.
Леанід Стухальскі, генеральны дырэктар УП "Мінскметрабуд": "Трэцяя лінія метро, якую мы будуем, там будзе магчымасць працаваць без машыніста. Гэта завецца аўтавядзенне. Таксама прадугледжваецца такая сістэма бяспекі, як у Пецярбургу. Гэта шкляныя вароты для таго, каб прадухіліць падзенне людзей на рэльсы".
Транспарт сапраўды не падобны на ўсё, што было да гэтага. Словам, супрацоўніцтва з беларускай сталіцай - таксама ў чымсьці новы, вялікі і стратэгічна важны вопыт для "Штадлер Мінск".
Кааперацыя са "Штадлер" лакаматывам пацягнула і "Белкамунмаш". Былы рамонтны завод сёння лідар на постсавецкім рынку з вытворчасцю гарадскога электратранспарту. Прадпрыемства цалкам забяспечана заказамі на 2018 год, а "Штадлер" зарабіў на рэпутацыю - у асяроддзі беларускіх спажыўцоў і партнёраў. Яе наяўнасць, а таксама як заўважыць у зносінах з журналістамі сам спадар Шпулер, "наяўнасць добрых кантрактаў у апошні час", натхніць швейцарцаў да пашырэння вытворчасці і новых інвестыцый.
Петэр Шпулер, старшыня Савета дырэктараў і ўладальнік групы кампаній "Штадлер": "Штадлер" плануе дадаткова інвеставаць у развіццё вытворчасці ў Беларусі каля 35 млн еўра. У першую чаргу плануецца стварыць вытворчасць ператваральнікаў для трамваяў і цягнікоў, якія будуць, у тым ліку, экспартавацца ў краіны Заходняй Еўропы як асобная прадукцыя. Таксама будзе пашырана наяўная вытворчасць вагонных кузаваў да 300 адзінак. І на наступным этапе мы жадаем пашырыць вытворчасць гэтых вагонных кузаваў да 450 штук за год".
Петэр Шпулер падкрэсліў, што "Штадлер Мінск" на роўных канкурыруе з іншымі пляцоўкамі кампаніі па ўсім свеце.
Адзін з нядаўніх прыкладаў - выйграны тэндар на пастаўку трамваяў у Балівію. Упершыню тэхніка "Штадлер" пойдзе ў Лацінскую Амерыку. Усю партыю вырабяць на прадпрыемстве ў Фаніпалі.













