Уклад бізнесу ў беларускую эканоміку ў наступныя гады можа падвоіцца

16 ноября 2015

Уклад бізнесу ў беларускую эканоміку ў наступныя гады можа падвоіцца. Такую ўпэўненасць сёння выказаў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі, калі пазначаў асноўныя прыярытэты эканамічнага развіцця на пяць гадоў на адкрыцці Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў Мінску. Зараз бізнес стварае амаль траціну ВУП краіны. Аднак, як адзначыў міністр, гэтыя лічбы могуць быць больш важкімі. Са свайго боку дзяржава гарантуе бізнесменам празрыстасць правіл гульні, у тым ліку курс на нязменнасць падатковай палітыкі ў Беларусі.

Уладзімір Зіноўскі, Міністр эканомікі Беларусі: "Бізнесу далі пасыл, што не будзе змяняцца штогод тое або іншае падаткаабкладанне і г.д. І гэта вельмі важна. Мы гаворым пра тое, што ёсць пустыя пляцоўкі, і хацелася б, каб бізнес іх займаў. Але пад гэта трэба, вядома, праекты бізнесу. Мы зацікаўленыя ў вытворчым бізнесе. Шляхам перамоў або проста з аблвыканкамамі, вядома, гэта вельмі важны момант, які дапаможа далейшаму развіццю бізнесу".

Сёння праграму Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва адкрыў міжнародны форум - гэта традыцыйная пляцоўка для дыялогу бізнесменаў і ўлады па самых актуальных пытаннях развіцця бізнесу ў Беларусі.