Віцебск прымае 14-ы беларуска-літоўскі эканамічны форум

7 июня 2018

У паўночны рэгіён Беларусі прыехалі больш за 100 літоўскіх бізнесменаў і каля 20 прадстаўнікоў мясцовага самакіравання Літвы. Галоўная мэта форуму - далейшае развіццё і павышэнне эфектыўнасці двухбаковага ўзаемадзеяння Беларусі і Літвы па розных кірунках, умацаванне і пошук новых дзелавых кантактаў, пашырэнне міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Марына Раманоўская працягне.

Беларуска-літоўскі форум праходзіць кожны год па чарзе ў Беларусі і Літве. Летась дэлегацыю нашай краіны сустракалі ў Каўнасе. Сёлета пляцоўкай для пошуку і ўмацавання дзелавых кантактаў стаў Віцебск. У форуме прымаюць удзел тры дзясяткі літоўскіх і больш за паўсотні беларускіх кампаній.

Пачаўся форум з пленарнага пасяджэння, затым праца была арганізавана па секцыях. Падчас выставы, якая працавала ўвесь дзень, свой патэнцыял прэзентавалі розныя беларускія кампаніі. Як адзначаюць бізнесмены, асаблівую цікавасць літоўскі бок выяўляе да супрацоўніцтва ў мэблевай вытворчасці і дрэваапрацоўцы.

Канстанцін Чорны, намеснік старшыні камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама: "Мы пастараліся падабраць кампаніі-партнёры ў дрэваапрацоўцы, лагістыцы. Секцыі разбітыя на лёгкую прамысловасць, лагістыку, кантактна-кааперацыйную біржу. Усе ўмовы, каб зацікаўленыя суб'екты знайшлі адзін аднаго, створаныя".

Прадстаўнікі літоўскай дэлегацыі падкрэсліваюць, што Беларусь - важны эканамічны партнёр. Як пацвярджэнне - шэраг падпісаных падчас форуму пагадненняў аб супрацоўніцтве. Сярод іх і дагавор аб рэалізацыі інвестпраекта па стварэнні буйнога дрэваапрацоўчага комплексу ў Віцебскай вобласці. Чакаецца, што пляцоўкай для амбіцыйнага праекта стане Чашніцкі раён.

Эгідыус Моцкус, гендырэктар кампаніі UAB VMG (Літва): "Нашы першыя інвестыцыі былі ў 2012 годзе. Інвестыцыйны клімат - адзін з лепшых ва Усходняй Еўропе. Зацікаўленасць вялікая. Гэта і зразумела. Мы ж суседзі, павінны супрацоўнічаць".

У паўночным рэгіёне краіны больш за 30 кампаній з літоўскім капіталам. Самыя буйныя працуюць у Талачынскім і Бешанковіцкім раёнах. Сёння ўдзельнікі форуму наведалі фармацэўтычнае прадпрыемства "Націвіта". Кампанія арыентаваная на распрацоўку і выпуск інавацыйных лекаў для лячэння анкалагічных захворванняў.

Беларускі і літоўскі бакі абмеркавалі пытанні гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага і міжрэгіянальнага партнёрства. Дамовы і пагадненні аб супрацоўніцтве замацавалі подпісамі кіраўнікі адразу некалькіх гарадоў і раёнаў Беларусі і Літвы.

Сваю працу форум працягне і заўтра. Літоўская дэлегацыя азнаёміцца з эканамічным патэнцыялам розных раёнаў Віцебскай вобласці. Запланаваны двухбаковыя перамовы.